На «прафілактычныя гутаркі» цяпер выклікаюць і ў райвыканкамы



У Віцебску ў райвыканкамах, паводле праваабаронцаў, стварылі адмысловыя групы з ідэалагічных работнікаў «у межах барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам». Адна з такіх груп дзейнічае ў выканкаме Кастрычніцкага раёна, і пра візіт туды на ўмовах ананімнасці праваабаронцам расказаў адзін з асуджаных за падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы», паведамляе vitebskspring.org.

Позву на гутарку яму пад подпіс уручыла паштальёнка. У позве былі пазначаныя дата і нумар кабінета, куды трэба было з’явіцца ў прызначаны час.

Але давялося пачакаць і пад дзвярыма: у кабінет ужо стаяла невялікая чарга. У яго запрашалі па адным. За дзвярыма тры жанчыны распытвалі кожнага, што здарылася, і ўшчувалі «за паводзіны». Тлумачылі, што пакаранне панесена заслужана і раілі надалей «не паўтараць памылак».

У сярэднім гутарка працягвалася не больш за 15—20 хвілін. З убачанага вынікала, што ў выканкамах ёсць спісы з пазначэннем месцаў жыхарства нядаўна асуджаных.

У чарзе былі і тыя, хто адбыў «суткі», і аштрафаваныя за адміністрацыйныя правапарушэнні.

Паўнамоцтвы падобных ідэалагічных груп абмяжоўваюцца ўнутранымі распаражэннямі выканкама — органа, які іх стварыў. Адказнасць за ігнараванне падобных выклікаў нібыта і не прадугледжана.