„Шахцёр” сёмы раз запар стаў чэмпіёнам Беларусі па валейболе
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” выйгралі залатыя медалі чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх каманд.
У гэтым сезоне Вышэйшай лігі падапечныя Віктара Бекшы сталі пераможцамі рэгулярнага чэмпіянату – 17 перамог у 18 матчах, а ў паўфінале плэй-оф „гарнякі” расправіліся з віцебскім „Марка-ВДТУ” 3:0. Супернікам „Шахцёра” па вырашальнай серыі стаў сталічны „Будаўнік”, які ў гэтым сезоне прадстаўляў Беларусь у расійскай Суперлізе. Каманды з Салігорска і Менска сустракаліся ў фіналах Вышэйшай лігі з 2017 па 2022 год, і кожны раз пераможцамі з гэтай пары выходзілі „гарнякі”. Чарговае супрацьстаянне за золата выключэннем не стала – валейбалісты „Шахцёра” дамагліся пераканаўчых вікторый з лікам 3:0. Трэці і, як апынулася, апошні паядынак паміж камандамі быў згуляны ў Салігорску, дзе гаспадары зноў не далі ўсумніцца ў сваёй перавазе 25:20,25:20,25:15. Такім чынам, „Шахцёр” стаў сяміразовым чэмпіёнам Беларусі і зраўняўся па колькасці нацыянальных тытулаў з „Будаўніком”, які выйграваў залатыя медалі Вышэйшай лігі з 2010 па 2016 год.
„Інтэр” перайграў „Мілан” у першым матчы паўфіналу Лігі чэмпіёнаў
У першым матчы паўфіналу Лігі чэмпіёнаў на стадыёне „Сан-Сіра”, у якім сустракаліся „Мілан” і „Інтэр” перамогу святкавалі «нэра-дзуры» з лікам 2:0. «Інтэр» забяспечыў сабе камфортную перавагу ў два галы ўжо на старце гульні. На восьмай хвіліне вызначыўся нападнік Эдзін Джэка. Праз тры хвіліны паўабаронца Генрых Мхітаран падвоіў перавагу гасцей, дакладным ударам з межаў штрафной пляцоўкі рэалізаваўшы контрвыпад «Інтэра». У першым тайме арбітр пасля прагляду паўтораў адмяніў пенальці ў браму «Мілана», а яшчэ ў адным эпізодзе Чалханаглу трапіў у штангу пасля перадачы Мхітарана.
Футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” сталі першымі фіналістамі Кубка Беларусі
Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” першымі прабіліся ў фінал розыгрышу Кубка Беларусі. У паўфінальным паядынку ў адказ у Жодзіне аўтазаводцы згулялі ўнічыю з мазырскай „Славіяй” – 0:0. У першай сустрэчы, якая адбылася ў Мазыры, тарпедаўцы выйгралі 1:0 дзякуючы голу Валерыя Гарбачыка. Для футбалістаў „Тарпеда-БелАЗа” маючы адбыцца фінал будзе трэцім у гісторыі. Да гэтага яны двойчы сустракаліся з барысаўскім БАТЭ: у 2010 годзе саступілі трафей, а ў 2016-м заваявалі свой першы Кубак.
Супернік каманды Дзмітрыя Молаша вызначыўся пасля матчу ў адказ паміж фіналістам мінулага кубкавага турніру БАТЭ і гарадзенскага „Нёмана. У іх першай сустрэчы ў Гародні супернікі не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю – 1:1. На хатняй арэне БАТЭ таксама згуляў унічыю з „Нёманам” 0:0, але ў серыі пенальці быў паспяховей – 5:4.
„Сталіца” разграміла гомельскі БЧ
Спартоўцы „Сталіцы” святкавалі ўпэўненую перамогу ў стартавым паўфінальным паядынку 34-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Дзейныя чэмпіёны краіны на паркеце спарткомплексу „Уручча” разграмілі гомельскі БЧ з лікам 5:1. Другая гульня пройдзе 14 траўня ў Гомелі, а 18 супернікі зноў згуляюць у Менску. У другой паўфінальнай пары таксама будуць супернічаць мінчане і гамяльчане. Сёння ўладальнік срэбраных медалёў мінулага першынства ВРЗ прыме ў Гомелі бронзавага прызёра ФК „Менск”.
Гандбалісты СКА і „Мяшкоў Берэсце” перамаглі ў першых паўфіналах чэмпіянату Беларусі
Фаварыты мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе святкавалі перамогі на старце паўфінальнай стадыі. Чэмпіён краіны „Мяшкоў Берасце” з цяжкасцю перайграў на паркеце берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” гандбалістаў „Гомеля” – 38:34. Лідар рэгулярнага сезона, срэбраны прызёр мінулага першынства мінскі СКА абыграў сваю дачынную каманду БДУФК-СКА – 35:27. Паўторныя сустрэчы серый да дзвюх вікторый адной з каманд адбудуцца 13 траўня.
Івашка прайграў у 1/64 фіналу турніру ATP у Рыме
Беларускі тэнісіст Ілья Івашка пацярпеў паразу ў першым раўндзе турніру АТР-1000 у Рыме з прызавым фондам 7,7 мільёнаў еўра. У 1/64 фіналу беларус прайграў у дзвюх партыях швейцарскаму тэнісісту 84-й ракетцы планеты Станісласу Ваўрынку – 2:6, 4:6.
Беларускае Радыё Рацыя