Агляд прэсы: у атмасферы няўпэўненасці



Іран можа вырабляць у Беларусі беспілотнікі «Шахед» для Расеі. Сігнал Пуціна. ЕЗ: санкцыі супраць кітайскіх фірм, якія гандлююць з Расеяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Крэмль сутыкаецца з матэрыяльна-тэхнічнымі праблемамі, перавозячы іранскія беспілотнікі-смяротнікі з Блізкага Усходу. Вытворчасць у суседняй Беларусі аблегчыла б транспарціроўку», – піша ізраільская газета The Jerusalem Post.

«Іранская дэлегацыя ў Беларусі вывучае магчымасць наладкі мясцовых заводаў для вытворчасці беспілотнікаў-камікадзэ для Расеі, каб вырашыць транспартныя пытанні для Крамля. Рабочая група іранскіх інжынераў разглядае магчымасць пераводу завода ў Гомелі на вытворчасць беспілотнікаў серыі Shahed. Паездку нібыта арганізавалі расейскія спэцслужбы. Беларусь – хаб супрацоўніцтва Расеі і Ірана па беспілотнай тэхніцы. Развіццё іранскай фабрыкі беспілотнікаў у Беларусі не стане першым выпадкам таго, што дзяржава стане цэнтрам расейска-іранскага супрацоўніцтва ў галіне БПЛА.

У кастрычніку інструктары з Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) навучалі расейскіх вайскоўцаў выкарыстанню сваіх беспілотнікаў у Гомельскай вобласці. Дадатковая падрыхтоўка нібыта праходзіла ў Крыме, і ў кастрычніку дзесяць іранцаў былі забітыя ў выніку ўкраінскай атакі. Расея выкарыстоўвае іранскія беспілотнікі-смяротнікі Shahed-136 для перанапружання ўкраінскай супрацьпаветранай абароны і нанясення удараў па ўкраінскіх гарадах», – піша ізраільскае выданне.

У сваёй прамове, вымаўленай 9 мая ў прысутнасці ветэранаў і тысяч салдат на Чырвонай Плошчы падчас ваеннага парада ў гонар перамогі Савецкага Саюза над гітлераўскай Германіяй, Уладзімір Пуцін апраўдваў напад на Украіну тым, што супраць Расеі, маўляў, была развязана вайна. Аглядальнікі даюць свае адзнакі сціпламу, у параўнанні з папярэднімі гадамі, параду, а таксама выступу Пуціна. Аўстрыйская газета Aargauer Zeitung так тлумачыць цяперашні сціплы парад.

«Мяркуючы па ўсім, на гэты раз Пуцін хацеў зрабіць упор на пасланні самому расейскаму насельніцтву, а не ладзіць “дэманстрацыю сілы” для замежных назіральнікаў, як гэта звычайна бывае 9 траўня. Пасланне да народа, з якім ён выступіў на Краснай плошчы, транслюе наступны пасыл: становішча сур’ёзнае, на фронце патрэбен кожны чалавек, кожны самалёт, кожны танк. Гэтая вайна будзе працягвацца доўга, пра саступкі ці кампрамісы не можа быць і гаворкі. Усе тыя, хто – перш за ўсё, у Маскве і Санкт-Пецярбурзе – да гэтага часу робіць выгляд, быццам вайна ва Украіне далёка і іх не датычыцца, павінны па-добраму згуртавацца пад сцягам Расеі», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.

Новы пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі ўпершыню ўключае ў сябе меры супраць кітайскіх кампаній, якія, па ўсёй верагоднасці, пастаўляюць у Расію тавары, якія могуць быць выкарыстаны для вытворчасці ўзбраенняў. Да гэтага часу ЕЗ заўсёды быў супраць падобных экстэрытарыяльных санкцый – да прыкладу, калі ЗША каралі замежныя кампаніі, якія пастаўлялі падсанкцыйныя тавары ў Іран. Тады прыводзіўся той аргумент, што, маўляў, такая мера парушае права дзяржаў на самавызначэнне. «Наяўныя шчыліны неабходна заканапаціць», – да такой высновы прыходзіць нямецкая газета Handelsblatt.

«Крытыка еўрапейцаў у адрас ЗША і спасылкі на міжнароднае права ў такім выпадку гучалі б не вельмі пераканаўча. Падобнае парушэнне табу таксама ўзняло б новыя пытанні, як тое: наколькі паслядоўна прымяняў бы Еўрасаюз гэты новы інструмент? У лік краін, якія істотна пашырылі свой гандаль з Расіяй, напрыклад, уваходзіць і Турцыя. Тым не менш, нягледзячы на ​​ўсе супярэчнасці, такое рашэнне было б дакладным. Занадта ўжо відавочныя шчыліны, якія дапускаюцца санкцыйным рэжымам супраць Расеі. Еўрасаюз не павінен моўчкі назіраць за тым, як Крэмль зноўку выбудоўвае свае лагістычныя ланцужкі. Калі адных дыпламатычных угавораў недастаткова, то няхай выгаданабытчыкі гэтай вайны адчуюць, наколькі важны і значны еўрапейскі рынак», – заклікае нямецкае выданне.

21 траўня ў Грэцыі пройдуць парламенцкія выбары. Хоць кіруючая кансерватыўная партыя «Новая дэмакратыя», якую ўзначальвае дзейны прэм’ер-міністр Кірыякас Міцатакіс, некалькі асела ў рэйтынгах папулярнасці пасля чыгуначнай катастрофы ў сакавіку гэтага года, тым не менш яна пакуль што лідзіруе ў перадвыбарнай гонцы. На другім месцы – апазіцыйны альянс СІРЫЗА пад кіраўніцтвам былога кіраўніка ўрада Алексіса Цыпраса. «Міцатакіс павінен не толькі прайграць, але і апынуцца на лаве падсудных», – піша левая газета Avgi.

«Цемра, кругавая парука і кодэкс маўчання, беспакаранасць і ператварэнне Грэчаскай Рэспублікі ў аўтарытарны рэжым на ўзор орбаноўскага – усё гэта працягнецца поўным ходам, калі партыя Новая дэмакратыя атрымае хаця б адзін голас на выбарах 21 траўня. Краіне патрэбны дэмакратычныя перамены! Урад Міцатакіса запляміў сябе скандалам з незаконным праслухоўваннем і згвалтаваннем дэмакратыі падчас спробы ўсталяваць кантроль над незалежнымі ведамствамі і юстыцыяй. Адыходзячы прэм’ер па ўласнай волі вырашыў ператварыць краіну ў дзяржаву, якая шпіёніць за грамадзянамі. Вышэйзгаданыя дзеянні павінны пацягнуць за сабой крымінальна-прававую адказнасць», – падкрэслівае грэчаскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя