Даніла Ганчароў і Вольга Каралёнак пра тэатральную ініцыятыву „Дзея Другая”
Новы фармат тэатральнага мастацтва – імправізаваная чытанка-перфоманс – быў прэзентаваны ў Варшаве. Акторы, якія цяпер жывуць у розных гарадах, атрымалі свае тэксты і даведаліся свае ролі толькі ў дзень імпрэзы. Але разам – пры ўдзеле рэжысёра – яны паказалі п’есу „Новы час”, прысвечаную актуальным беларускім падзеям.

„Госці Рацыі” – прадстаўнікі тэатральнай ініцыятывы „Дзея Другая”, якая выступіла арганізатарам перформансу – Даніла Ганчароў і Вольга Каралёнак. Нашаму карэспандэнту творцы распавялі, што ўяўляла сабой падзея і якое яно – сучаснае эксперыментальнае мастацтва.
Вольга Каралёнак: Першы праект нашай ініцыятывы „Дзея Другая” – гэта „сляпая” чытанка па п’есе „Новы час”. Гэта п’еса беларускага драматурга, які зараз знаходзіцца ў Беларусі і папрасіў не называць сваё імя. Мы самі пераклалі яе на беларускую мову. Яна падалася вельмі цікавай, яна як раз акрэслівае падзеі. Гэта восень 2021 года, Беларусь. Маленькі гарадок, розныя слаі насельніцтва, розныя людзі, якія там жывуць, што з імі адбываецца, што датычна тэмы твора. Што датычна фармату, то мы абралі „сляпую” чытанку, такі тып перформансу. Акторы не чытаюць тэкст загадзя, не ведаюць сваіх роляў, што яны будуць рабіць на пляцоўцы. Яны атрымалі тэкст, яны атрымалі касцюм, мы вырашылі рабіць перформанс напоўніцу. Разам з тэкстам яны атрымліваюць адмысловыя задачы. Яны чытаюць іх напачатку кожнай сцэны, на пляцоўцы таксама разам з імі прысутнічае рэжысёр, які не ўмешваецца ў працэс. Крыху такое стварэнне спектаклю на вачах у гледача. Вось у такім рэжыме мы і прадставілі гэты твор, было цікава, што палезе з актораў. Яшчэ цікавасць у тым была, што п’еса „густанаселеная” трынаццаць асобаў, мы гэтым скарысталіся адмысловым чынам. Мы не мелі часу на рэпетыцыі з-за розных гарадоў і краін. Адзін адмыслова прыехаў з Вільні, каб узяць удзел, адна акторка ў нас з Гданьску, астатнія з Варшавы. Цікавасць у тым, што людзі не працавалі да гэтага разам. Некаторыя не ведалі адзін аднаго, у кожнага быў свой асабісты досвед працы ў тэатры. У кожнага быў свой тэрмін, хтосьці працаваў дваццаць гадоў, хтосьці два, хтосьці працуе і цяпер. Усе розныя людзі, якія былі вымушаныя суіснаваць адзін з адным на пляцоўцы, узаемадзейнічаць. У нас жывы гук на пляцоўцы, быў кампазітар, які адмыслова напісаў музыку, які выконваў яе ў жывую. Быў задзейнічаны экран і зроблены адмысловы візуал пад гэты перформанс.
Даніла Ганчароў: Трэба заўважыць, што такое тэатральная ініцыятыва „Дзея Другая”. Яна ўзнікла, як працяг ідэі Трухана. Гэта тэатр-студыя „Дзея”, якая ўзнікла напрыканцы 80-90-х гадоў у Беларусі. Гэта быў эксперыментальны тэатр на той момант, яго мэтай было развіццё беларускай культуры. Тую ж самую мэту мы паставілі і перад сабой. Нам вельмі важна гуртаваць беларускіх актораў у межах дыяспары паміж сабой. Вольга з гэтым цудоўна справілася. Насамрэч згуртаваць больш за пятнаццаць чалавек паміж сабой, прычым мы не мелі ніякага фінансавання, гэта даволі складана. Людзі прыйшлі і правалі за ідэю. Падрыхтоўка пачалася з таго моманту, калі Вольга знайшла запрашэнне ад Музея вольнай Беларусі. Гэта цуд, што ў цэнтры Варшавы існуе такая пляцоўка, яе канешне трэба развіваць, гэта я лічу абавязак дыяспары на дадзены момант. Пайшоў наш падрыхтовачны этап, калі ў нас была п’еса, у нас была ідэя. Фармальна дзеянне п’есы адбываецца ў міжчассе, калі яшчэ не пачалася вайна ва Украіне, а пратэсты ўжо фактычна скончыліся. Асабіста я ўвесь гэты час правёў за кратамі. Мне было цікава адрэфлексаваць, што і ў які момант пайшло бок. Фармат мы абралі такім менавіта таму, што ён патрабуе найменш падрыхтоўкі ўдзельнікаў, а ўдзельнікаў шмат. Астатняе мастацкае аздабленне было не цалкам імправізацыйнае, большая частка ўсяго. Павінен быць усё ж такі нейкі падмурак. Да нас далучыўся файны рэжысёр, ён прынёс ідэю сляпой чытанкі, у нас планавалася проста чытанка. Планавалася проста ў межах нашага праекту знаёміць гледача з беларускай сучаснай драматургіяй, якая не можа быць прадстаўлена ў межах Беларусі. Не ўсе драматургі падтрымалі гэтую ідэю трэба адзначыць, не ўсе яны на жаль былі згодны з тым, каб пераклад п’есы рабіўся на беларускую мову.
З прадстаўнікамі тэатральнай ініцыятывы „Дзея Другая” Данілам Ганчаровым і Вольгай Каралёнак размаўляла наша варшаўская карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя