Эканамічны суд ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа
Позву Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш дасведчаных беларускіх выдаўцоў Змітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ за савецкім часам, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня.

У сваёй заяве ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне пра рэгістрацыю, і такая просьба была задаволеная, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Як вынікала з анонса працэсу, у сваёй позве Міністэрства інфармацыі настойвала на «прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання» ў асобе індывідуальнага прадпрымальніка Змітра Коласа.
Пры гэтым у матывіровачнай частцы адсутнічалі ўцямныя тлумачэнні таго, на чым грунтуецца незадаволенасць выдаўцом-прыватнікам з боку дзяржавы. Бо, нават зыходзячы з аб’ектыўных рэалій, відавочна: дзякуючы Змітру Коласу, кніжны рынак Беларусі ўжо больш за тры дзясяткі гадоў напаўняецца найлепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову.