Тэма дня – Этнацыд беларусаў на прыкладзе прысуду Паўлу Белавусу



Вітаю, з вамі Севярын Квяткоўскі.

І спачатку я дам вытрымку з энцыклапедыі пра тое, што такое этнацыд: «Этнацыд – палітыка, скіраваная на знішчэнне нацыянальнай свядомасці той ці іншай этнічнай групы. У адрозненне ад генацыду не звязаная з фізічным знішчэннем носьбітаў пэўнай мовы, культуры або рэлігіі».

Грамадскі актывіст і бізнесовец Павел Белавус атрымаў 13 гадоў зняволення за (цытую следчы камітэт): «Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі» (канец цытаты).

Дзве хлусні ў адной. У нацыяналізму не можа быць мэты змены дзяржаўнай улады. Нацыяналізм можа быць наступальным як у Расеі, напрыклад, і тады маем справу з шавінізмам. Нацыяналізм можа быць абарончым, як ва ўсіх этнасаў, што раней ці цяпер былі і ёсць пад кантролем Крамля. Тады маем справу з правамі чалавека. У тым ліку з правам на нацыянальнае самавызначэнне.

Доўгі час унутры Беларусі, Украіны, Малдовы ці Казахстану не чапалі тэму каланізацыі імперыяй, у тым ліку шляхам русіфікацыі.

Тэма была табуяваная з двух прычын. Па-першае, калі русіфікаванаму беларусу, украінцу, малдаваніну ці казаху сказаць, што ён носьбіт расейшчыны праз прымус ягоных продкаў, гэта псіхічная траўма. Гэта як жанчыне насіць дзіцяці ад гвалтаўніка.

Па-другое, так званыя «заходнія партнёры» на столькі баяліся і баяцца ўсяго нацыянальнага, што звязаць абарончы нацыяналізм з правамі чалавека там выглядае непасільнай справай. Там права не ведаць пра культуру сваіх продкаў выглядае больш арганічным, чым права на вяртанне скрадзенай ці гвалтам забранай цывілізацыі.

Такім чынам, нацызм-гітлерызм быў асуджаны, а бальшавізм-сталінізм – не. Савецкі Саюз, а следам Расея, працягвалі нішчыць этнасы, змінаючы іх у адзін камяк. Прыблізна як пластылін розных колераў у адно штосьці шэра-бура-малінавае.

Драконаўскі тэрмін Паўлу Белавусу за «нацыяналізм» – гэта прэцэдэнт у найноўшай – пасля савецкай – гісторыі. Пра гэты прысуд мусяць дазнацца ва ўсім свеце.

Бо так выглядае юрыдычна зафіксаваны эпізод этнацыду. І гэты эпізод можа стаць стартам для поўнага асуджэння злачынства Крамля і ягоных “паліцаяў” на месцах супраць большых і меншых па колькасці этнасаў.

Беларускае Радыё Рацыя