Павел Латушка: Гэта падвойныя стандарты
„Гэта падвойныя стандарты”, – каментуе кіраўнік НАУ, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка факт запрашэння Лукашэнкі на саміт ААН.

Як стала вядома, афіцыйнага кіраўніка Беларусі запрасілі на саміт па ўстойлівым развіцці, які пройдзе 19-20 верасня ў Нью-Ёрку, і на якім Беларусь мае прадставіць свае поспехі і падзяліцца досведам. Павел Латушка падкрэслівае, што Лукашэнка не мае права прадстаўляць Беларусь:
– У што ператвараецца ААН, калі кіраўніком пры Радзе бяспекі ААН з’яўляецца Расейская Федэрацыя, якая развязала агрэсію, калі другі агрэсар запрашаецца, каб расказваць усяму свету, які ён цудоўны, як ён забяспечвае ўстойлівае развіццё ў Беларусі і гэта павінна быць прыкладам усім краінам. Гэта здзек, здзек над статутам Арганізацыі Аб’яднаных нацый, над міжнароднай супольнасцю.
Павел Латушка лічыць, што нават калі запрашэнне для Лукашэнкі на саміт ААН застанецца ў сіле, то Лукашэнка ўсё роўна не паляціць у Нью-Ёрк. Дарэчы, на гэтым жа саміце па ўстойлівым развіцці афіцыйны кіраўнік Беларусі быў у 2015 годзе:
– Так, ён быў тады на гэтым саміце, я згадваю. Хачу сказаць, што ён будзе баяцца паехаць. Калі ён адважыцца, то што ж. Мы ведаем, што Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі санкцыі ў адносінах да аднаго з самалётаў, якім карыстаецца Лукашэнка. Можа трэба звяртацца да нашых партнёраў і ўвесці санкцыі на другі самалёт. Тады можа ён паляціць расейскім самалётам, альбо рэйсавым. Паглядзім, гэта будзе таксама цікава.
Палітык падкрэслівае, што месца Лукашэнкі не на саміце ў Нью-Ёрку, а ў судзе ў Гаазе, дзе ён адкажа за ўсё свае злачынствы супраць беларускага народа.
Беларускае Радыё Рацыя