Анджэй Дуда: Ніколі вайна не была так блізка ад нас
“Ніколі вайна не была так блізка ад нас…”, – сказаў прэзідэнт Анджэй Дуда ў мясцовасці Устка, дзе ён назіраў за вучэннямі Anaconda-23. Падчас выступу прэзідэнт згадаў інцыдэнт, які адбыўся вечарам у пятніцу, калі ў паветраную прастору Польшчы з боку Беларусі заляцеў невядомы лятальны аб’ект.
-

Фота: eska.pl
„Ніколі яшчэ вайна не была так блізка ад нас, ніколі яна не была такой адчувальнай. Гэта стварае шмат розных цяжкіх сітуацый, шмат правакацый, нават тых, якія мы бачым у апошнія гадзіны, калі чуем, што на Польшчу з боку Беларусі ляцяць аб’екты рознага тыпу, іх трэба распазнаваць, разглядаць, наколькі яны небяспечныя”, – сказаў Анджэй Дуда.
Раней Мінабароны Польшчы заявіла пра фіксацыю ў паветранай прасторы невядомага аб’екта, што прыляцеў з Беларусі. Імаверна, гэта быў назіральны аэрастат, які знік з радара каля Рыпіна – гэта 260 кіламетраў ад Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя