„Шчучын” другі раз выйграў Суперкубак Беларусі па пляжным футболе



Спартоўцы „Шчучына” другі раз сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі па пляжным футболе.
У паядынку за першы трафей сезона ўладальнікі срэбра мінулага нацыянальнага першынства ва ўпартай барацьбе адолелі ў серыі пасляматчавых пенальці чэмпіёна краіны магілёўскі ЦАР.

Асноўны час завяршыўся ўнічыю – 2:2, у авертайме гэты лік не змяніўся, а ў серыі пенальці поспеху дамагліся шчучынскія футбалісты – 5:4. Лепшымі гульцамі паядынку прызнаны галкіперы Міхаіл Аўгустоў са „Шчучына” і Уладзімір Усціновіч з ЦАР. Год таму гэтыя каманды таксама змагаліся за Суперкубак, і тады магіляўчане ўпершыню сталі яго ўладальнікамі, выйграўшы з буйным лікам 12:4.

Футбалісткі „Мінска” выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі

У апошнім матчы 9-га тура мінчанкі разграмілі на сваёй арэне гасцей з „Бабруйчанкі” – 13:0. Чатыры мячы ў гэтай сустрэчы забіла Мелана Сураўцава, якая з 14 галамі ўзначаліла спіс лепшых бамбардзіраў. Для каманды Андрэя Пышніка гэта дзявятая вікторыя ў дзевяці праведзеных сустрэчах, у іх забіта 59 мячоў пры адным прапушчаным.

Асноўныя канкурэнты „Мінска” ў барацьбе за залатыя медалі дзеючыя чэмпіёнкі краіны футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК” прапускалі гэты тур і пакуль перамясціліся на другую пазіцыю ў турнірнай табліцы. Два галоўныя фаварыты сустрэнуцца паміж сабой 21 траўня ў паядынку 10-га тура.

Альберт Рыбак пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Белшыны”
 
Беларускі спецыяліст Альберт Рыбак пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Белшыны”. Кантракт скасаваны па дамове бакоў, паведамляе прэс-служба „шыннікаў”. На наступную гульню каманду выведзе Віталь Паўлаў. Рыбак узначаліў каманду перад стартам сезона-2022. У вышэйшай лізе „шыннікі” фінішавалі на 12-м месцы і захавалі прапіску ў эліце. На старце сёлетняга сезона „Белшына” набрала два ачкі ў шасці матчах. А потым БФФ адняла ў каманды дзесяць балаў за ўдзел у дамоўным матчы. Сам Рыбак быў дыскваліфікаваны на шэсць месяцаў і аштрафаваны на 7400 рублёў. Дыскваліфікацыя будзе лічыцца ўмоўнай, калі спецыяліст выплаціць штраф на працягу 30 дзён.

Зборная Беларусі па хакеі пацярпела чацвёртую паразу ад расейцаў

Нацыянальная каманда Беларусі па хакеі правяла чарговы матч у рамках серыі „Ліга Ставок. Вялікі тур зборнай” супраць каманды „Расія 25”.

Пятая за дзесяць дзён сустрэча зборных адбылася ў Туле.  Канчатковы лік – 4:1 на карысць Расеі.
Такім чынам, падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага пацярпелі ўжо чацвёртую паразу ў рамках серыі. Адзіную перамогу над расейцамі беларускія хакеісты святкавалі 6 траўня на турніры Qazaqstan Hockey Open у Астане 7:4.

Беларускія цяжкаатлеты дапушчаны да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе

Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF) дапусціў беларускіх і расійскіх спартоўцаў да спаборніцтваў пад эгідай арганізацыі ў нейтральным статуце, паведамляе прэс-служба IWF. Рашэнне аб допуску ўяўляе сабой найлепшы магчымы баланс паміж захаваннем нязменнай пазіцыі IWF у дачыненні да салідарнасці з Украінай і неабходнасцю захавання ў максімальнай ступені магчымасці для ўсіх індывідуальных нейтральных спартоўцаў займацца спортам незалежна ад іх нацыянальнасці”, – гаворыцца ў заяве.

Беларускае Радыё Рацыя