Пуцін хоча зрабіць Украіну і Беларусь часткамі Расеі – Олаф Шольц
Канцлер ФРГ Олаф Шольц заявіў, што Уладзімір Пуцін хоча зрабіць Украіну і Беларусь часткамі Расеі. Гэта прагучала падчас сённяшняй сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, які знаходзіцца ў Нямеччыне з візітам.
-

Фота: Matthias Schrader/AP Photo/picture alliance
«Мы будзем падтрымліваць Украіну і пра гэта трэба казаць пастаянна і ўсюды. Украіна гатовая да міру, але Украіна, цалкам зразумела і цалкам апраўдана, патрабуе, каб гэта не азначала нейкага замарожвання вайны і дыктату з боку Расеі.
Гаворка ідзе пра імперыялістычны агрэсіўны напад на ўкраінскую тэрыторыю, і таму мір і бяспека Еўропы ў небяспецы. У небяспецы, таму што больш моцная і магутная краіна нападае на больш слабую і проста захоплівае яе тэрыторыю. Планы расейскага прэзідэнта відавочныя. Проста варта пачытаць яго тэксты і паслухаць, што ён кажа. Ён лічыць, што Украіна і Беларусь павінны стаць часткамі Расеі. І напад на Украіну — гэта частка імперыялістычнай задумы. Свет гэта добра зразумеў», — заявіў Шольц.
-

Фота: Bernd von Jutrczenka/AP Photo/picture alliance
У Берліне Зяленскі сустрэўся не толькі з канцлерам Шольцам, а і з прэзідэнтам Штайнмаерам.