„ВРЗ” стаў яшчэ бліжэй да фіналу чэмпіянату Беларусі



У міні-футбольным чэмпіянаце краіны вызначаюцца ўдзельнікі фінальнай серыі. Гомельскі ВРЗ і ў другім матчы быў мацней за „Мінск”, дзякуючы чаму павёў у супрацьстаянні з лікам 2:0.

У другой серыі сустракаюцца „Сталіца” і БЧ. Там лік 2:0 на карысць мінскіх футзалістаў.

Тры беларускія гульцы — у сімвалічнай зборнай тура чэмпіянату Казахстана

Тры беларускія футбалісты ўключаны ў сімвалічную зборную 9-га тура чэмпіянату Казахстана. Гэта галкіпер „Атырау” Ягор Хаткевіч, паўабаронца „Астаны” Макс Эбонг і форвард „Ардабасы” Усевалад Садоўскі. 11 лепшых гульцоў адабраў аўтарытэтны сайт Sports.kz.

„Ліверпуль” выйграў сем матчаў у АПЛ запар

«Ліверпуль» у гасцях разграміў «Лестэр» з лікам 3:0 у матчы 36-га тура чэмпіянату Англіі – у Махамеда Салаха тры галявыя перадачы. Такім чынам, „Ліверпуль” выйграў сем матчаў у АПЛ запар. Агульны лік – 20:7. Таксама падначаленыя Юргена Клопа атрымалі тры сухія перамогі запар.

Апошні раз «Ліверпуль» прайграваў 1 красавіка, у выязным матчы з «Манчэстэр Сіці» 1:4. На гэты момант падначаленыя Клопа працягваюць займаць пятае месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі. Каманда набрала 65 ачкоў пасля 36 матчаў. Адставанне ад лігачэмпіёнскай зоны – усяго толькі адно ачко. Аднак мэрсісайдцы правялі на матч больш, чым «Ньюкасл» і «Манчэстэр Юнайтэд».

Івашка прайграў на старце турніру ў Бардо

Беларускі тэнісіст 73-і нумар сусветнага рэйтынгу Ілья Івашка пацярпеў паразу на турніры серыі Challenger Tour у французскім Бардо з прызавым фондам 200 тысяч еўра. У 1/16 фіналу беларус саступіў у двух сэтах аргенцінскаму тэнісісту 61-й ракетцы планеты Томасу Марціну Этчэверы  – 5:7, 3:6.

Давыскіба перайшоў з „Монцы” ў „Мадэну”

Беларускі дайгравальнік „Монцы” Уладзіслаў Давыскіба перайшоў у іншы італьянскі валейбольны клуб, стаўшы валейбалістам „Мадэны”.

У сезоне італьянскай суперлігі „Монца” фінішавала сёмай ў галоўным турніры, „Мадэна” — трэцяй. Пасля новы клуб Давыскібы саступіў у 1/4 фіналу.

Чэхія ў авертайме прайграла Латвіі на чэмпіянаце свету

Зборная Чэхіі ў матчы чэмпіянату свету саступіла ў авертайме Латвіі 3:4. Пераможную шайбу ў авертайме закінуў нападнік Оскарс Батня.

Чэхія пацярпела першую паразу пасля дзвюх перамог, Латвія святкавала першую перамогу пасля дзвюх паразаў. Да таго ж каманда Латвіі перайграла чэшскую зборную ўпершыню ў гісторыі – у ранейшых 14 матчах нязменна выйгравалі чэхі. Канадцы толькі ў серыі булітаў змаглі адолець славакаў 2:1. У асноўны час за канадцаў вызначыўся Джэйк Нэйберс. Шайбу ў адказ закінуў Петэр Цэгларык. Вырашальны буліт рэалізаваў Джэк Куін.

Вызначыліся абедзве паўфінальныя пары Кубка Стэнлі

Завяршыўся сёмы матч серыі плей-оф Нацыянальнай хакейнай лігі, у якім „Далас Старз” прымаў „Сіэтл Кракен”. Сустрэча праходзіла ў Даласе на арэне „Амерыкан Эйрлайнс-цэнтр”. Гульня скончылася перамогай гаспадароў з лікам 2:1, дзякуючы якой яны выйшлі ў паўфінал Кубка Стэнлі.

У 1/2 фіналу турніру супернікам „Даласа” будзе „Вегас”, які на стадыі чвэрцьфіналу быў мацней за „Эдмантан”. У другім паўфінале пуцёўку ў вырашальную стадыю Кубка Стэнлі разыграюць „Караліна” і „Фларыда”. Нагадаю, дзейным уладальнікам Кубка Стэнлі з’яўляецца «Каларада Эвеланш», які раней пакінуў турнір.

Беларускае Радыё Рацыя