17 траўня адбудзецца развітанне з грамадскім актывістам Хрыстафорам Жаляпавым
17 траўня адбудзецца развітанне з Віцебскім грамадскім актывістам Хрыстафорам Жаляпавым, які сышоў з жыцця за чатыры дні да свайго 74-годдзя.

Галоўнай мэтай створанага ім грамадскага аб’яднання “Самакіраванне і грамадства” было развіццё мясцовага ўпраўлення на Віцебшчыне. Навуковец і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч адзначае і вялікі ўклад Хрыстафора Жаляпава ў аб’яднанне беларускай дэмакратычнай супольнасці:
– Ён чалавек грамадскай супольнасці, ён лідар трэцяга сектару, адзін з самых значных у Беларусі. У 90-х гадах ён пачаў. Ён вельмі многа ведаў, ён шчыра любіў Беларусь, я яго заўсёды называю «балгарын з беларускім сэрцам», таму што па паходжанні ён балгарын з Малдовы. Ён чалавек артыстычны, таму што ён рэжысёр па сваёй асноўнай прафесіі, ён смелы, разумны, вельмі адданы. Мы яго любілі.
Хрыстафор Жаляпаў нарадзіўся ў 1949 годзе. Ён быў удзельнікам шматлікіх грамадскіх арганізацый і рухаў, займаў у тым ліку і кіраўнічыя пасады. Сябра сойму Парты БНФ апошняга склікання (2020 год). Ужо шмат гадоў Хрыстафор Савельевіч змагаўся з цяжкім захворваннем, але, нягледзячы на гэта не пакідаў грамадскай працы.
Беларускае Радыё Рацыя