Агляд прэсы: Што з Лукашэнкам?



Беларусь: што з Лукашэнкам? Выбары ў Турцыі: фінал застаецца адкрытым. Партугалія: закон пра эўтаназію. Закон пра штучны інтэлект: ЕЗ у баявой стойцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Ужо некалькі дзён ходзяць чуткі пра сур’ёзную і, магчыма, смяротную хваробу беларускага прэзідэнта Лукашэнкі: на ўрачыстасцях 9 траўня ў Маскве ён быў відавочна ў дрэннай форме. Пасля гэтага Лукашэнка знік з радараў амаль на тыдзень. У панядзелак Лукашэнка прыехаў агледзець сістэмы СПА – бледны і з хрыплым голасам. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, чаго чакаць, калі Лукашэнкі не стане. Лісабонскі штотыднёвік Visão мяркуе, што Пуціну здароўе Лукашэнкі, якое пахіснулася, толькі на руку.

«Чуткі ходзяць аб разнастайных сцэнарах: што яго атруцілі, што ён мёртвы, што ў яго інсульт, што ён у глыбокай коме. Не выклікае сумненняў тое, што для Масквы было б вельмі пажадана адразу ж узяць уладу ў Менску ў свае рукі і, у прыватнасці, ліквідаваць ваеннае кіраўніцтва, якое адмаўляецца ўрывацца ва Украіну. Па старой савецкай традыцыі лёс лідэраў заўсёды быў у руках партыі – у дадзеным выпадку ён прадстаўлены ў асобе Пуціна», – папярэджвае партугальскае выданне.

28 мая ў Турцыі чакаецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў . У першым туры ніводны з кандыдатаў не змог набраць абсалютнай большасці галасоў: дзейны прэзідэнт Эрдаган (49,4 працэнта галасоў) апярэдзіў лідэра апазіцыі Кылычдараглу (44,9 працэнта). Ультранацыяналіст Аган, чые выбаршчыкі ў другім туры могуць аказаць ключавы ўплыў на выбары, атрымаў 5,2 працэнта галасоў. Еўрапейская прэса паволі губляе надзею на змену ўлады ў Турцыі. «Той факт, што альянс Эрдагана змог абараніць сваю большасць на парламенцкіх выбарах, абцяжарыць для апазіцыі прыняцце рашэння аб прэзідэнцтве», – лічыць нідэрландская газета De Volkskrant.

«Многія грамадзяне жадаюць палітычнай стабільнасці. Яна апынецца пад пагрозай, калі прэзідэнтам стане хто-небудзь не з лагера парламенцкай большасці – сітуацыя, якая ў Францыі называецца «сімбіёз». Гэтая занепакоенасьць масаў можа перад 28 траўня даць прэзыдэнту дадатковыя перавагі. На працягу наступных двух тыдняў Народны альянс Эрдагана без усялякага сумнення будзе падкрэсліваць неабходнасць стабільнасці. «Сімбіёз» можа паставіць апазіцыйны Нацыянальны альянс у складанае становішча, калі Кылычдараглу ў другім туры ўсё ж такі будзе абраны прэзідэнтам», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.

У Партугаліі ўзаконена эўтаназія для невылечна хворых. Левая ліберальная парламенцкая большасць ужо на працягу многіх гадоў спрабавала прыняць адпаведны закон. Кансерватыўны прэзідэнт і адкрыты змагар супраць эўтаназіі Марсэлу Рэбелу дэ Соуза тройчы адхіліў праект закона і двойчы звяртаўся ў Канстытуцыйны суд. Пасля нядаўняй згоды з боку парламента накласці на закон вета больш не ўяўляецца магчымым. Партугальская газета Observador выказвае асцярогі з нагоды таго, што дадзены закон адчыніць дзверы для сацыяльнай селекцыі.

«Шмат хто лічыць, што закон тычыцца толькі вельмі цяжкіх, невылечных, пакутлівых і безнадзейных выпадкаў. Тыя, хто складаў закон, ведаюць, што гэта ня так. Галоўнай мэтавай групай стануць пажылыя, хранічна хворыя, людзі з інваліднасцю, а таксама найбяднейшыя пласты насельніцтва. Сацыяльны ціск узрасце. Сацыяльны эгаізм распаўсюдзіцца паўсюдна – і стане звычайнай справай. Гэты закон ламае парадыгмы і ўзрушае каштоўнасці і асновы грамадства. Па сутнасці, гаворка ідзе пра маральную рэвалюцыю. Тым самым быў парушаны прынцып недатыкальнасці чалавечага жыцця», – папярэджвае партугальскае выданне.

Еўропа мае намер узяць на сябе ролю першапраходцы ў справе рэгулявання штучнага інтэлекту: прыкладна праз два гады пасля таго, як Еўракамісія прадставіла свой Закон аб штучным інтэлекце, парламенцкія камітэты заклікаюць да ўзмацнення жорсткасці норм: напрыклад, да забароны сістэм распазнання асоб і эмоцый. Швейцарская газета Tages-Anzeiger піша пра тое, што Еўропа дзіўным чынам рэагуе на новыя тэхналогіі.

«Італія часова заблакавала ChatGPT. Еўрапейскі саюз плануе прыняць закон аб штучным інтэлекце і выступіць у ролі першага ў свеце парламента, які мае намер рэгламентаваць гэтую праграму. Зноў рэгуляванне замест інавацый у лічбавай сферы – Еўропа прытрымліваецца сваіх старых рэфлексаў. Як вядома, Еўропа не зрабіла на свет ніводнай хоць у нейкай ступені значнай пошукавай сістэмы, не кажучы ўжо пра паспяховую сацыяльную сетку ці наватарскім тэкставым робаце. У гэтых абласцях лідзіруюць ЗША і Кітай. А Старому свету зноў пагражае адставанне ў развіцці новых тэхналогій», – канстатуе швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя