Беларускую мову выбралі 11.509 выпускнікоў школ



Для ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене ў Беларусі зарэгістравана 53 316 чалавек. Большасць з іх – 41 776 школьнікаў – выбралі для выпрабаванняў рускую мову, 11 509 – беларускую. Экзамен стартаваў па ўсёй Беларусі адначасова 14 траўня ў 11.00. Выпускнікі цэнтралізавана ў суправаджэнні педагогаў прыбылі ў пункты ЦЭ за гадзіну. Варыянты экзаменацыйных заданняў засакрэчаныя, яны былі дастаўлены фельд’егерскай службай непасрэдна ў пункты здачы. Такіх па краіне налічваецца 144. Больш падрабязна пра гэта паведамляе свежы нумар электроннага выдання „Наша слова. pdf”.

Публікуе “Наша слова” таксама цікавы пераклад з польскай мовы з віленскай газеты “Slowo” (1933 г.) пра вяртанне Францішка Аляхновіча з Салаўкоў. Аўтарам матэрыялу і гутаркі з Францішкам Аляхновічам быў польскі журналіст Юзаф Мацкевіч.

6-га верасня 1933 года, паміж станцыямі Негарэлае і Стоўбцы, адбыўся абмен вязняў паміж Польшчай і СССР. З польскай вязніцы быў выпушчаны грамадовец Браніслаў Тарашкевіч, а з салавецкай катаргі звольнены для абмену знаны беларускі дзеяч, паэт і літаратар Францішак Аляхновіч (1883-1944). Польскаму журналісту Францішак Аляхновіч распавёў шмат цікавага і раней невядомага пра жыццё ў ГУЛАГу. У, прыватнасці, тады беларускі пісьменнік і даматург сказаў: “Сядзеў я без перапынку ў тых перапоўненых падвалах да ліпеня. Потым у Менску пабудавалі новую вязніцу, вядомую пад назвай „Амерыканка”. Чаму так называецца – не ведаю. Можа таму, што пабудавана на ўзор амерыканскай вязніцы? Гэты будынак мае выгляд круглай вежы. Крымінальнікаў трымалі ў старой даваеннай турме. А я сядзеў у падвалах. Са мной сядзелі беларускія сяляне, вяскоўцы з памежжа, абвінавачаныя ў шпіянажы на карысць Польшчы, сядзелі людзі, якія чакалі судовай расправы, сядзелі хабарнікі, была група беларускіх студэнтаў, абвінавачаных у „контррэвалюцыі”. Бачыў у тых падвалах я шмат беларускай моладзі, якая ў пошуках лепшай долі і палітычных умоў збегла з Польшчы. Усе сядзелі і чакалі завочнага выраку ГПУ. Такі вырак даецца на падставе меркавання следчага, і яго немагчыма абскардзіць. Свайго я дачакаўся ў ліпені 1927 года – атрымаў ссылку на 10 гадоў на Салавецкія выспы…

Першае – гэта выспа, другое – сістэма, якая там панавала.

Аляхновіч расказаў, як яго этапам прывезлі на бераг Белага мора. Пакуль цягнік давалокся да далёкай Поўначы, ужо пачалася зіма. Патрапіць на Салавецкія выспы не было ніякай магчымасці. Навігацыя спынілася. Яго прывезлі на станцыю Сарокі, адтуль пагналі пешкам 80 кіламетраў на выспу Мях. Ляжыць яна на адлегласці 10 км ад берага, і гэта малая адлегласць, пакрытая трывалым ільдом. Па льду дайшлі да выспы, месца ссылкі. Знаходзілася там 400 вязняў, пераважна былі крымінальнікі. Каля адной чацвёртай складалі палітычныя, „каэры” ці так званыя контррэвалюцыянеры”. Жылі ў бараках.

“Для чалавека, які не прызвычаіўся да фізічнай працы, умовы былі не да вытрымання. Нас будзілі а 3-й гадзіне ночы. У тры з паловай – праверка і раздача прыладаў: піл, сякер. А гадзіне 4-й выхад на працу ў лес. Ісці трэба было 10 кіламетраў, вяртацца таксама 10. Працаваць цяжка. А трэба вам ведаць, што панаваў там прынцып „дрына”, так завуць кій. Білі часта, не толькі за правіны, але і за невыкананне нормы працы. Натуральна, той, хто неяк атрымаў пратэкцыю ці нечым спадабаўся ахоўнікам, унікаў кары. Я, напрыклад, падараваў люльку. Меў добрую англійскую люльку. Падараваў яе ахоўнікам… Былі розныя кары. Распраналі да бялізны і нейкі час трэба было прастаяць на марозе. У тыя часы, 1927-1928 гады, нам давалі есці два разы ў

дзень. На раніцу – сняданак: густы суп з гароху ці сачавіцы, часам – густая грачаная каша з маслам ці густы суп з макаронамі. Абед атрымлівалі ўвечары. Зноў міску густога супу, а ў ім кавалачак салёнага мяса. Хлеба мелі ў дастатковай колькасці, нешта каля 1 кілаграма на асобу. 30 траўня 1928 года, з першым параходам, адвезлі на Салаўкі”, — распавядаў карэспандэнту газеты “Slowo” Францішак Аляхновіч. Больш з гэтым матэрыялам і іншымі чытачы пазнаёмяцца на старонках свежага нумару “Нашага слова”.

Беларускае Радыё Рацыя