Блогер Андрэй Павук: Нарэшце ўзнагародзілі і мяне



Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прызнала блогерскі праект “Рудабельская паказуха” экстрэмісцкім фармаваннем. Пра гэтую навіну паведамілі некалькі праўладных паблікаў, блізкіх да сілавых структур. Міліцыянты палохаюць людзей санкцыямі за кантакты з прадстаўнікамі “Рудабельскай паказухі”. Паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу РБ удзел у “экстрэмісцкім фармаванні” караецца тэрмінам да 7 год пазбаўлення волі.

Стваральнік “Рудабельскай паказухі” Андрэй Павук аджартоўваецца, што новы экстрэмісцкі статус стаў для яго стымулам для далейшай працы.

Для чаго яны гэта робяць? Каб запалохаць. Раней адмінку давалі за тое, што знойдуць у каго падпіску, а цяпер могуць крыміналку даваць. Зараз я адчуваю, калі я стаў экстрэмісцкім фармаваннем, што гэта для мяне знак, як зваротная сувязь, нарэшце. Таму што я ўжо стаў расчароўвацца ў сваёй працы, стаміўся і ўсё такое. А тут опа – і ўзнагародзілі.

Блогер Андрэй Павук пачынаў з асвятлення сацыяльных праблем у пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Цяпер ён запісвае рэзанансныя відэа пра найбольш адыёзных прадстаўнікоў рэжыма Аляксандра Лукашэнкі. У многіх сюжэтах “Рудабельскай паказухі” сілавікі і чыноўнікі фігуруюць не ў найлепшым выглядзе.

Беларускае Радыё Рацыя