Двое менчукоў зарабілі мільёны на абмене крыптавалюты



Міліцыя вылічыла двух менчукоў, якія займаліся незаконным абменам крыптавалюты. Адзін з іх абменьваў у тым ліку скрадзеныя грошы на крыптавалюту, піша прэс-служба МУС.

— Выяўлены электронныя кашалькі фігуранта на розных біржах. Падчас сваёй супрацьпраўнай дзейнасці мужчына атрымаў даход больш за 3,2 мільёна рублёў.

Іншы жыхар Мінска на крыптаабменных аперацыях зарабіў амаль 2 мільёны рублёў.

— Улічваючы, што ў іх дзеяннях угледжваліся прыкметы незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, матэрыялы перадалі ў падатковую інспекцыю. Незаконна атрыманы даход будзе спагнаны ў бюджэт дзяржавы, — адзначае МУС.

Згодна з дэкрэтам №8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі”, фізічныя асобы не могуць весці прадпрымальніцкую дзейнасць па абароту крыптавалюты.

Беларускае Радыё Рацыя