Андрэй Хадановіч: Мяне цешыць, што мы робімся ўсё больш заўважнымі



У Беластоку ў фармаце мясцовай нядзельнай беларускай школкі адбылася сустрэча з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам.

На сустрэчу ў Беларускі хаб „Новая Зямля” прыйшлі дзеці са сваімі бацькамі. Госць не толькі чытаў вершы, але і спяваў.

Кажа Андрэй Хадановіч:

Мяне цешаць такія запрашэнні, бо гэта знак таго, што нас не толькі робіцца ў свеце больш, але мы робімся больш заўважнымі. У тых гарадах, дзе зараз актыўна дзейнічае беларуская дыяспара, адбываюцца сустрэчы. Хочацца, каб яны былі рэгулярнымі, не толькі раз на тыдзень, а часцей. І ўсялякае ўсё – і літаратура, і музыка, і дыскусіі, і ў тым ліку вось заняткі для дзетак таксама. Гэта можа быць самае патрэбнае. Бо ад гэтага залежыць, хто заўтра будзе чытаць і размаўляць па-беларуску.

Перад сустрэчай наведнікам раздалі аркушы з тэкстамі песень, таму некаторыя ўдалося выканаць усім разам. Хадановіч праспяваў і славутую «Муры», пераклад на беларускую мову гэтага гімну змагання за свабоду як раз зрабіў ён.

Беларускае Радыё Рацыя