Яўген Вільскі: Мы на ўсіх узроўнях шукаем міжнародную падтрымку для Мікалая Статкевіча
Ужо амаль год палітык і палітвязень Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі глыбоцкай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму. Яго затрымалі ўлады Беларусі 31 траўня 2020 года, завялі крымінальную справу і асудзілі на 14 год за быццам бы арганізацыю масавых беспарадкаў.
Шмат месяцаў пра яго нічога не было вядома, і толькі нядаўна з глыбоцкай калоніі яго жонцы прыйшоў адказ. Як аказалася, Мікалай Статкевіч паўгода быў у адзіночнай камеры, а зараз, верагодна, у ШІЗА.

Пра тое, што робяць сябры партыі Статкевіча ў змаганні за яго з уладамі распавёў выконваючы абавязкі кіраўніка партыі „Народная Грамада” Яўген Вільскі:
– Мы на ўсіх узроўнях паднімаем гэтае пытанне. У Мікалая Статкевіча, як і ў многіх беларускіх палітвязняў, існуюць у многіх еўрапейскіх парламентах куратары. Напрыклад, у літоўскім – гэта Эмануэліс Зінгерыс, які нам дапамагае. Мы звяртаемся да гэтых людзей. Ёсць у Швейцарыі дэпутат і ў Германіі дэпутат.
Нядаўна сябры “Народнай Грамады” напісалі ліст да Олафа Шольца, таксама прадстаўніка сацыял-дэмакратычнай партыі, і перадалі праз пасольства Нямеччыны ў Літве. А таксама грамадоўцы трымаюць сувязь з іншымі ўплывовымі асобамі.

– Мы на сувязі з генеральным сакратаром Соцінтэрна, якая абяцала нам аказаць падтрымку ў ціску на рэжым і ў спыненні ціску на Мікалая Статкевіча.
Паводле Яўгена Вільскага, яны яшчэ ладзяць перасоўныя выставы, якія былі ўжо ў Літве, Варшаве і Бруселі. Такім чынам на прыкладзе Мікалая Статкевіча яны хочуць прыцягнуць увагу да стану справаў з палітзняволенымі ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя