Яўген Вапа: Лёс выпаў уручаць медалі ў складаны час для нашай дзяржаўнасці



Ужо другі год у Беларускім доме Варшавы праходзіць вечар памяці па забітым у беларускай турме два гады таму палітвязні Вітольду Ашурку. Праграма вечара была вельмі насычанай. Ад выступу брата Вітольда Андрэя Ашуркі, сяброў, паплечнікаў, знаёмых, да чытання пісем Вітольда з турмы знакамітымі артыстамі-купалаўцамі ў выгнанні Зояй Белахвосцік і Аляксандрам Гарцуевым. Удзельнікі вечара памяці чулі голас Вітольда, бачылі шмат прыжыццёвых здымкаў і відэа. Хораша гучаў вядомы хор «Вольнай Беларусі».

Адметнасцю вечара стала першая пасмяротная ўзнагарода Медалём Ордэну Пагоні ад Рады БНР. Уручылі ўзнагароду брату Вітольда Андрэю Ашурку сябры рады БНР Яўген Вапа і Аляксей Дзікавіцкі, кажа Яўген Вапа:

Хацелася каб гэтыя медалі ўручаліся ў радасных момантах. Лёс нам выпаў такі, што ўручаем медалі менавіта тады, калі вырашаецца лёс нашага народа і нашай дзяржаўнасці. Бо без шчыта і без мяча мы гэтага не зробім – не абаронім ні дзяржаўнасці, ні народа, ні мовы, ні сябе.

Завяршыў вечар памяці Вітольду Ашурку сваімі песнямі бард Зміцер Бартосік.

Беларускае Радыё Рацыя