Ігар Ільяш: Рэжым Лукашэнкі ў той стадыі, калі вызваленне палітвязняў адбудзецца з ягоным падзеннем



21-га траўня ў Варшаве, у гадавіну смерці Вітольда Ашурка, Медаль Ордэну Пагоні ад Рады БНР уручалі не толькі брату Ашурка, але і сваякам ды сябрам іншых асуджаных у Беларусі з палітычных матываў. Сярод лаўрэатаў – палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева, якая плануе атрымаць узнагароду ў рукі адразу пасля вызвалення.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з мужам палітзняволенай Кацярыны Андрэевай, журналістам Ігарам Ільяшам пра тое, чаму важна, каб Кацярына атрымала ордэн асабіста ў рукі, чаму сваякам не варта засцерагацца надання статусу палітзняволенага ад праваабарончых арганізацый, і на якім этапе існавання рэжыму Лукашэнкі мажлівы перамены, у тым ліку поўнае вызваленне палітвязняў:

РР: 15-га траўня было 2,5 гады з моманту арышту і зняволення Кацярыны Андрэевай. Але ўжо 21-га траўня ў Варшаве ўручалі ордэн „Пагоні” Беларускай Гароднай Рэспублікі. Сярод лаўрэатаў была Кацярына Андрэева, вы не змаглі быць. Якое ў вас адчуванне ў сувязі з гэтым уганараваннем?

Са мной звязваліся наконт гэтай узнагароды, пыталіся ці змагу я або хтосьці са сваякоў Кацярыны, прыехаць на гэтую імпрэзу. Я не мог, бо я невыязны, сваякі таксама па розных прычынах не маглі выехаць. Я папрасіў, каб гэтая ўзнагарода пакуль захоўвалася ў арганізатараў. Я канешне хацеў бы, каб гэтую вельмі ганаровую ўзнагароду Каця забрала асабіста праз пэўны час. У прынцыпе я па той жа логіцы не забіраю некаторыя ўзнагароды, бо я хачу, каб гэта ўсё ж адчула сама Каця, калі ёй уручаюць гэта ўсё, а не проста перадалі сваякі. Пагадзіцеся, што гэта зусім іншае ўражанне для чалавека, я хачу, каб гэта захавалася для Каці. Што тычыцца самой узнагароды, то мы даведаліся пра гэта яшчэ на Дзень Волі, было абвешчана 25-га сакавіка. Канешне гэта вялікі гонар сям’і Каці і для самой Каці. Яна даведалася вельмі хутка пра гэту ўзнагароду, дзякавала безумоўна. Для яе гэта прызнанне вельмі важнае.

РР: Таксама наколькі я ведаю быў зняты фільм пра Кацярыну Андрэеву і Дашу Чульцову „У жывым эфіры”. Стужка нават стала найлепшай на польска-чэскім „ZOOM – ZBLIŻENIA”. ЦІ бачылі вы ўжо гэты фільм? Ці ведае Кацярына, што яна ўжо не толькі ўганараваная ордэнам, але і з’яўляецца гераіняй стужкі?

Фільмы выйшаў, калі я не памыляюся, яшчэ восенню мінулага года. Сапраўды, ён быў адзначаны на некалькіх кінафестывалях. Я глядзеў і сям’я Каці глядзела гэтую стужку. У мяне вельмі прыемныя ўражанні, мне спадабалася. Безумоўна і рэжысёрка гэта падкрэслівае, трэба ўсім разумець, што гэта не дакументальная рэканструкцыя тых падзей. Я хоць і прысутнічаў падчас тых падзей, падчас стрыму з „Плошчы Пераменаў”, я ў адрозненні ад Дар’і Чульцовай, не магу сказаць, што там не адпавядала, я ведаю праз расказы Каці, што некаторыя рэчы выглядалі не так. Але гэта той выпадак, калі мастацкае асэнсаванне можа быць больш удалым для разумення персанажу, для разумення Каці, чым дакументальная рэканструкцыя. У некаторых момантах мне спадабалася, што за кошт мастацкага асэнсавання больш раскрылі асобу Каці, чым гэта было б, калі б усё адпавядала таму, як гэта выглядала падчас стрыму. Таму я ў мяне вельмі добрыя ўражанні ад гэтай стужкі і Каця безумоўна ведала. Яна ведала яшчэ на этапе падрыхтоўкі, напісання сцэнару, ёй усё пра гэта распавядалі. Яна ведала, хто выконвае ролю яе прататыпа ў кіно. Апроч таго Мара Тамковіч зараз здымае і поўнаметражны фільм. Кароткаметражны фільм быў прысвечаны менавіта гэтаму стрыму з „Плошчы Пераменаў”. Поўнаметражная карціна будзе прысвечана нашаму лёсу з Кацяй, як мы перажывалі гэтыя падзеі. Зноў жа гэта будзе мастацкае асэнсаванне, а не дакументальная рэканструкцыя. Гэта будзе стужка натхнёная нашай гісторыяй. Каця таксама пра гэта ведае і канешне для гэта вельмі прыемна і вельмі важна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцем Рацыі” – мужам палітзняволенай Кацярыны Андрэевай, журналістам Ігарам Ільяшам, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя