90 год “Беларускаму летапісу”
Часопіс “Беларускі летапіс” пачаў выдавацца з 1933 года на беларускай мове ў Вільні. Да снежня 1936 года ён выходзіў пад назвай “Летапіс Таварыства беларускай школы”. Выйшла з друку 19 нумароў, некаторыя нумары былі здвоеныя.
“Беларускі летапіс” быў заснаваны як орган Таварыства беларускай школы групай дзеячаў ТБШ Рыгорам Шырмам, Сяргеем Паўловічам і Феліксам Стацкевічам. У рэдакцыю ўваходзіў і паэт Максім Танк.
Часопіс у той час асвятляў культурна-мастацкае і літаратурнае жыццё ў Заходняй Беларусі, дзейнасць гурткоў ТБШ, вёў барацьбу за выкладанне ў школах на роднай мове, за асвету беларускага народа. На старонках часопіса свае артыкулы друкавалі Рыгор Шырма, Сяргей Паўловіч, Піліп Кізевіч, Вінцук Склубоўскі, Уладзімір Пігулеўскі, Фелікс Стацкевіч і іншыя.
Актыўна супрацоўнічаў з часопісам Сяргей Паўловіч. Ён смела бараніў беларускую мову і школу, заахвочваў да самаадукацыі, прапагандаваў хатняе навучанне. За актыўную дзейнасць у ТБШ Сяргей Паўловіч быў двойчы асуджаны – у 1930 і ў 1933 гадах. Плённа працаваў з “Беларускім летапісам” і Рыгор Шырма.
“Беларускі летапіс” шмат паведамляў пра творчасць Максіма Танка, друкаваў яго вершы і пераклады, а таксама артыкулы пра крыніцы нашай творчасці. На старонках часопіса свае творы друкавалі маладыя заходнебеларускія паэты Міхась Васілёк, Міхась Машара, Анатоль Іверс, Мікола Засім, Ніна Тарас, Ганна Новік, Алесь Дубровіч, Пятро Граніт і іншыя.
Часопіс “Беларускі летапіс” адзіны на той час меў ілюстрацыі. У часопісе змяшчаліся фотаздымкі, ноты народных песень у мастацкай апрацоўцы Канстанціна Галкоўскага, Аляксандра Кошыца, Міхайлы Гайваронскага і іншых кампазітараў. Пісаў часопіс пра грамадскае і культурнае жыццё беларусаў, якія жылі ў Францыі і Аргенціне, вёў палеміку з польскім і беларускім клерыкальным друкам і г.д.
Беларускае Радыё Рацыя


