Пра апошнія званкі ў несучасных беларускіх школах



У беларускіх школах 25 мая пройдуць апошнія званкі. У гэтыя дні звычайна прынята падводзіць вынікі, чаго дасягнула школа за гэты навучальны год. Аднак пахваліцца беларускай сістэме адукацыі пакуль няма чым. Наадварот, беларуская школа за гэты год стала яшчэ больш несучаснай.

Цяперашняя беларуская школа мала чым адрозніваецца ад савецкай. Унутры будынкаў сумнавата становіцца як вучням, так і бацькам. Самае галоўнае адчуванне, што няма свабоды. І тут нават славутае “чысценька” не дапамагае. А ў дадатак да ўсяго чырвона-зялёнае афармленне, піянеры, акцябраты, БРСМы, ідэолагі і іншая трасца, якая не ўздымае настрой ні вучням, ні бацькам. Пра якасць адукацыі большасці школ увогуле можна прамаўчаць: паступленне без рэпетытараў і курсаў – гэта хутчэй выключэнне чым правіла. А за апошнія гады навучальны працэс у многіх школах увогуле замяніла ідэалогія. Чаго толькі каштуюць ваенрукі, якія з’явіліся ў школах з ініцыятывы міністра абароны Хрэніна два гады таму. На ягоную думку, ваенрукі ў школах мусілі зрабіць так, каб каб школьнікі ўсвядомілі свой абавязак перад Айчынай і не думалі, што служба ў войску – страта часу. Аднак у свеце апошніх падзей усё выйшла наадварот: наўрад ці беларускім ваенрукам удалося паказаць прываблівасць беларускага войска, якое ў краіне выконвае больш ідэалагічную функцыю. Затое розныя ідэолагі пахваліліся, што школы ўкамплектаваныя кіраўнікамі вайскова-патрыятычнага выхавання на 93%. Лепей бы яны пахваліліся колькасцю добрых школ, а тое бацькам даводзіцца начамі ў чарзе стаяць, каб дзіця патрапіла ў добрую навучальную ўстанову. А дадаць сюды закрыццё большасці прыватных школ у пачатку навучальнага года, то за будучыню беларускіх школ увогуле становіцца страшна.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя