Агляд прэсы: аголеныя межы
Польскі генерал заклікае рыхтавацца да паўстання ў Беларусі. Варванне на тэрыторыю РФ: што адбываецца ў Белгарадзе? Выбары ў Турцыі: фінал застаецца адкрытым. У Гішпаніі ідуць гарачыя дэбаты аб расізме ў футболе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Былы камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы генерал Вальдэмар Скшыпчак лічыць цалкам рэальнай перспектыву ўзброенага паўстання ў Беларусі і заклікае Варшаву рыхтавацца да такога сцэнару. Меркаванне Скшыпчака не абмінула ўвагай украінскае выданне Ukrainska Pravda.
«Паводле польскага генерала, у выпадку поспеху ўкраінскай контратакі ўзброеныя беларусы, якія цяпер ваююць на баку ўкраінскіх сіл, могуць ініцыяваць звяржэнне рэжыму самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Польскі генэрал лічыць, што беларускі народ падтрымае добраахвотнікаў, якія цяпер ваююць ва Украіне, і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі, у якога ўжо няма ваеннага патэнцыялу, каб прадухіліць такое паўстанне. Расея яму мала дапаможа, таму што ў яе будуць свае праблемы. Да таго ж польскія ўлады павінны рыхтавацца да масавага прытоку беларусаў у Польшчу ў выпадку паўстання. Пра стан самога беларускага дыктатара пакуль нічога невядома. З моманту святкавання 9 траўня ў Маскве і Мінску Лукашэнка доўгі час не з’яўляўся на публіцы, не праходзіла аніякіх мерапрыемстваў з яго асабістым удзелам. У аўторак Лукашэнка заявіў, што хварэе, але з-за занятасці не хапае часу на лячэнне, і запэўніў, што «пакуль не памірае», – канстатуе ўкраінскае выданне.
***
Раніцай у панядзелак узброеныя атрады зайшлі з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю РФ, у Белгарадскую вобласць, і там замацаваліся. Хто ж гэтыя інтэрвенты? Камандзіры баявых атрадаў, якія складаюцца з расейцаў, апазіцыйна настроеных у адносінах да рэжыму, заяўляюць, што гэта зрабілі яны. Кіеў абвяргае ўсялякія абвінавачванні ў адрас Украіны. Няясна, ці змаглі расейскія войскі абясшкодзіць фармаванні, якія ўварваліся на тэрыторыю РФ, як пра гэта заявіў Крэмль. «Напад расейскіх жа ўзброеных фармаванняў – гэта новая зброя супраць Масквы», – піша французская газета Le Figaro.
«Яно агаліла ўразлівасць найбуйнейшай краіны свету, якая сутыкаецца з немалымі цяжкасцямі ў тым, каб гарантаваць бяспеку сваёй мяжы з Украінай, якая працягнулася на 1500 кіламетраў. Яно таксама прадэманстравала здольнасць другога боку праводзіць адцягваючыя манеўры і падаваць «сюрпрызы». Акрамя таго, тое, што здарылася, пасылае сігнал, што магчыма ўсё, аж да пашырэння канфлікту, якое не грунтавалася б на пастаўках зброі з Захаду. Гаворка ідзе пра стратэгіі шматлікіх шпількавых уколаў, разлічанай на тое, каб запалохаць мядзведзя, які засеў у крамлёўскай бярлозе. У гэтай вайне нас напэўна яшчэ шмат што зможа здзівіць. Толькі што ўкраінцы задзейнічалі новую зброю – расейскага ўзору. А які падаруначак прыгатавалі яны неабдуманаму агрэсару на заўтра?», – задаецца рытарычным пытаннем французскае выданне.
***
28 траўня ў Турцыі чакаецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У першым туры ніводны з кандыдатаў не змог забяспечыць сабе абсалютную большасць: дзейны прэзідэнт Эрдаган, які атрымаў 49,4 працэнта галасоў, здолеў абысці лідара апазіцыі Кылычдараглу, за якога было аддадзена 44,9 працэнта. Ультранацыяналіст Аган атрымаў 5,2 адсоткі, і ў другім туры выбараў заклікае галасаваць за Эрдагана. Па меркаванні харвацкае газеты Jutarnji list, пасля таго як Аган заклікаў сваіх выбаршчыкаў галасаваць за Эрдагана, зыход другога тура выбараў можна лічыць вырашаным.
«У першым туры Эрдаган атрымаў на 2,5 мільёны галасоў больш, чым яго апанент, а гэта значыць, што ў нядзелю Кылычдараглу спатрэбяцца галасы ўсіх выбаршчыкаў Агана для таго, каб атрымаць хаця б шанец на перамогу над «султанам нашых дзён». Аб ступені панікі, якая ахапіла Кылычдараглу перад абліччам усё большай верагоднасці паражэння, сведчыць яго радыкальна ўзмацненая жорсткасцю рыторыка з нагоды мігрантаў – пры яе дапамозе ён спадзяецца прыцягнуць на свой бок выбаршчыкаў правых поглядаў, якія сытыя па горла Эрдаганам. «Турэцкі Гандзі», вядомы сваім спакоем і стрыманасцю, зараз спрабуе запалохаць грамадзян нелегальнымі мігрантамі», – канстатуе харвацкае выданне.
***
У нядзелю бразільскі гулец клуба Рэал Мадрыд Вінісіус Жуніёр падвергся расісцкім абразам з боку заўзятараў падчас матчу ў Валенсіі. Гульня была спынена, справа дайшла да бойкі. Раней на мосце ў Мадрыдзе былі вывешаны банер і карычневая лялька ў майцы Вінісіуса; па гэтай справе былі зроблены арышты. Скандал нарабіў нямала шуму напярэдадні рэгіянальных і мясцовых выбараў у Гішпаніі. Гішпанская газет El País піша наступнае:
«Сумна, што сёння мы кажам аб праблеме расізму ў Гішпаніі толькі дзякуючы скандальнай справе Вінісіуса, а не з-за існавання гэтай з’явы як такой. Мы гаворым сёння аб расізме, таму што пацярпеў гулец клуба Рэал Мадрыд – мільянер. Калі б гэта было не так, то ніхто і рота б не разявіў. Вядома, у Гішпаніі існуе расізм. Ён накладвае свой адбітак на паўсядзённае жыццё ўсіх нас – тых, у каго не белая скура. Гішпанскае грамадства ў цэлым абавязана выкараніць расізм. Недарэчна вывешваць банэр «Няма расізму» на футбольным стадыёне, а затым дазваляць заўзятарам абзываць чарнаскурых гульцоў «малпамі», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.