Святлана Ціханоўская заклікала бацькоў абараніць дзяцей у школах



Калі бацькі своечасова не ўмяшаюцца, з дзяцей зробяць будучых прапагандыстаў і сілавікоў.

Такую думку змяшчае зварот лодаркі АПКБ Святланы Ціханоўскай да бацькоў, настаўнікаў і выпускнікоў з нагоды заканчэння навучальнага году. Яна адзначае, што дзяцей завабліваюць у т.з. „патрыятычныя” класы вялікай колькасцю фізкультуры й бясплатным басейнам, толькі паняцце „Радзіма” падмяняюць на „Лукашэнку”.

„Ніхто, апроч нас, не зможа абароніць нашых дзяцей. Бацькі могуць не пускаць дзяцей на ідэалагічныя ўрокі, экскурсіі і мерапрыемствы, асабліва ў выходныя дні. А настаўнікі могуць адмаўляцца праводзіць такія мерапрыемствы ці негалосна сабатаваць іх. Нашыя дзеці павінны вучыцца ў школе, вольнай ад прапаганды. Мы хочам, каб нашыя дзеці вучыліся ў лепшых ВНУ Беларусі і Еўропы, а не ішлі ў вайсковае вучылішча. У нашых сілах супрацьстаяць гэтаму, бо толькі ад нас залежыць лёс нашых дзяцей”, – завяршае свой зварот Ціханоўская.