Ён лепш за ўсіх на свеце ведаў беларускую мову



29 траўня споўнілася б толькі 50 гадоў беларускаму філолагу, педагогу і журналісту Юрасю Бушлякову (1973-2013) – таленавітаму чалавеку, які лепш за ўсіх у ХХI стагоддзі ведаў беларускую мову.

Юрась Бушлякоў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску. Да 10-га класа юнак мовы не вывучаў, быў вызвалены ад яе, як многія менскія дзеці 1980-х. А пасля літаральна закахаўся ў мову і пайшоў вучыцца на беларускае аддзяленне філфака БДУ. Школу Юрась закончыў з залатым медалём, а ўніверсітэт з адзнакай. У 2003 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму “Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)”. Юрась меў бліскучы розум, ён захапляў аднакурснікаў і выкладчыкаў. Сам перакапаў літаральна ўсё, што было напісана пра беларускую мову. Ён адкрываў для айчыннага чытача многія працы беларускіх эмігрантаў. Быў адным з удзельнікаў працоўнай групы па выпрацоўцы нормаў класічнага правапісу беларускай мовы. Перакладаў на беларускую мову творы По, Мілаша, Сэйфэрта, Гербэрта. Пэўны час выкладаў у БДУ, у Карлавым універсітэце ў Празе, у нацыянальным гуманітарным ліцэі ў Менску.

Але пазней кар’еру сабе абраў журналісцкую. Працаваў на Радыё 101.2, у незалежных СМІ, на Радыё Рацыя, Радыё Свабода… У 2013 годзе з друку выйшла яго цудоўная кніга “Жывая мова”.

Беларускае Радыё Рацыя