Гародняй будзе кіраваць новы старшыня гарвыканкаму

30 траўня Лукашэнка зрабіў новыя кадравыя прызначэнні высокапастаўленых чыноўнікаў. Сярод іншых новым старшынём Гарадзенскага гарвыканкаму, членам Гарадзенскага аблвыканкаму прызначаны Андрэй Хмель.
Раней Андрэй Хмель займаў пасаду міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Хмель мае 40 гадоў, нарадзіўся ў 1983 годзе ў Лідзе. У 2006 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. З 2006 году працаваў інжынерам-энергетыкам у раённым сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Саўгас Лідскі”. З 2008-га па 2013 год на розных пасадах Лідскага райвыканкаму. У 2011 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Лукашэнку.
З 2013 па 2014 год Хмель працаваў інжынерам-энергетыкам прадпрыемства «Биоком-технология». У 2014 годзе прызначаны дырэктарам Гарадзенскага ўнітарнага камунальнага вытворчага прадпрыемства «Горсвет». У 2016 годзе прызначаны генеральным дырэктарам усёй гарадзенскай ЖКГ. У снежні 2017 году прызначаны на пасаду намесніка Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. 4 чэрвеня 2020 году быў прызначаны Міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.