Другі год запар у Кракаве пройдзе фестываль „Культура ў эміграцыі”



„Культура ў эміграцыі” – пад такой назвай другі год запар у Кракаве пройдзе фестываль з удзелам беларускіх літаратараў, мастакоў, музыкаў, выдаўцоў і праваабаронцаў.

Чым сёлетні фэст будзе адрознівацца ад папярэдняга, нам распавяла арганізатарка Кася Іофэ:

– У нас будзе больш акцэнту на беларускай культуры і беларускай культуры ў эміграцыі ў Польшчы. У мінулым годзе ў нас былі таксама ўдзельнікі з Украіны, з Афганістану і з іншых краін. Гэтым разам мы больш паказваем менавіта беларускую дыяспару. Як мы захоўваем сябе? Чаму беларусы застаюцца беларусамі нават калі яны знаходзяцца ў іншай кріане? Куды мы далей ідзем? І што нам рабіць? Умоўна, з’ехаць з Беларусі і не з’ехаць з глузду.

Такімі стануць асноўныя пытанні „Культуры ў эміграцыі”. Працоўнымі мовамі фестывалю сёлета будуць адпаведна беларуская ды польская. У прыватнасці запрошаныя польскія кнігавыдаўцы, якія публікуюць беларускіх аўтараў, кажа Кася Іофэ.

– Напэўна, гэта фестываль, які створаны, каб аб’яднаць, каб стварыць агульную прастору для палякаў і беларусаў, якія знаходзяцца ў гэтай прасторы фізічна, але не заўсёды бачаць адно аднаго без нейкіх стэрэатыпаў, альбо памылак мыслення, якія бяруцца праз няведання.

Нагадаем, што фестываль „Культура ў эміграцыі” адбудзецца на гэтых выходных (3-4 чэрвеня) ў Кракаве на тэрыторыі Вілы Дэцыюша.

Беларускае Радыё Рацыя