«Арт-агляд» з Севярынам Квяткоўскім



У сённяшнім арт-аглядзе прапаную водгук на новы твор гурта «РСП».

Следам за гуртом «Naviband»», які зрабіў кліп на песню «Купалінка», хлопцы з «Разбітага сэрца пацана» (РСП) рэпрэзентавалі кліп, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту. Песня «Ровар» у сатырычнай форме распавядае пра чалавека, які хоча павярнуць усё жыццё назад.

Метафарычны кліп і тэкст, дзе наперадзе толькі жахі, а ў мінулым усё было добра.

Пры гэтым герой кліпа ўцякае ад міліцыі наперад. Наперад, каб выбрацца з багны, і вярнуцца да былога жыцця.

А былое такое, што там і парадныя трактары на вуліцах Менску, і карыкатурная стылістыка «Дажынак», і амапаўцы на фоне, але і магчымасць спакойна ездзіць у краіны шэнгену з валютай у кішэні.

«Еду я на ровары, а ў кармане долары/Между пратаколамі, акуратненька ляжаць, пусць мяне цалуюць у зад».

Цытата з прыпеву. «РСП» заўжды прамаўляе трасянкай ад імя «простага пацана» з аграгарадка ці з гарадской ускраіны.

На ровары ў кадры едзе стваральнік і лідар «РСП» Дзяніс Тарасенка. Які сам перажыў разлом у жыцці паміж тады і цяпер. 

Удзельнік Беларускай рэвалюцыі 2020 году, вымушаны эмігрант. Які пачынаў выгнанне з украінскага Ірпеню, а працаваў побач у Бучы. Гарады, вядомыя ўсім, хто сочыць за падзеямі ва Украіне.

Цяпер Дзяніс Тарасенка жыве ў Варшаве.

У кліпе бачная іронія з пераходам у сарказм на адрас тых, хто думае, што час можна павярнуць. Тут намёк на ябацек, якія пераконваюць сябе, што пазбавіўшыся ад такіх вось «адшчапенцаў» як Дзяніс Тарасенка, зноў зажывуць у ілюзорным «працьвітанні».

Беларускае грамадства траўмаванае ўсё. І лірычны герой «РСП» «просты хлопец» таксама.

Песня і кліп не як падсумаванне, а хутчэй як настраёвая замалёўка, якую можна прыкласці да людзей па абодва бакі беларуска-небеларускай мяжы.

Што да штучнага інтэлекту. У абвестках часта пішуць, што «штучны інтэлект» сам стварыў кліп.

Як жартуюць дызайнеры, у тым ліку з індустрыі кліпмейкерства, не бойцеся, што штучны інтэлект зробіць канкурэнцыю чалавеку. Бо каб штучны інтэлект добра спрацаваў, яму трэба даць вельмі дакладнае тэхнічнае заданне.

У выпадку і з «Купалінкай» ад «Naviband» і «Роварам» ад «РСП» бачна, што тыя праграмісты, хто даваў штучнаму інтэлекту заданне на працу з візуалам, не надта цікавіліся мастацтвам як такім.

Бо ў абодвух выпадках стылістыка вельмі падобная.

Але што да сэнсаў і вобразаў, тут вялікі дзякуй стваральнікам.