Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі ў Навінкі



Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк накіравалі з калоніі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзення псіхіятрычнай экспертызы — неўзабаве пасля таго, як актывістка напісала заяву аб адмове ад беларускага грамадзянства.

Пра сітуацыю з Палінай “Свабодзе” расказаў яе муж Андрэй Шарэнда: “Этап з Рэчыцы на Менск у Навінкі можа заняць два тыдні. Дакладна вядома, што перад этапам каля двух тыдняў Паліна была ў санчастцы калоніі, хіба яе прыводзілі ў стан для этапу. А этапавалі з калоніі толькі некалькі дзён таму. Пакуль больш звестак пра жонку не маю. Відаць, будзе праходзіць у Навінках экспертызу”, — паведаміў муж палітзняволенай.

Паводле Андрэя Шарэнды, выхад з грамадзянства быў пратэстам супраць пастаяннага ціску, які жанчына спазнала ў зняволенні.

Беларускае Радыё Рацыя