Беларус, які пісаў лісты з кыргызскіх стэпаў
Імя Адольфа Янушкевіча (1803-1857), якому 9 чэрвеня спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння, належыць да той плеяды беларускіх літаратараў першай паловы ХІХ стагоддзя, якія самым непасрэдным чынам былі звязаны з грамадска-палітычным рухам: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Адам Чачот, Леанард Ходзька, Юльян Урсын-Нямцэвіч і іншыя асобы. І хаця пры жыцці ні ён сам, ні яго сучаснікі не разглядалі яго дзейнасці як літаратурную, яго «Лісты з кіргізскіх стэпаў» з’яўляюцца на сённяшні дзень каштоўным пісьменніцкім здабыткам.

Адольф-Міхал-Леанард Янушкевіч нарадзіўся ў горадзе Нясвіжы ў сям’і генеральнага рахункавода ўладанняў віленскага ваяводы князя Міхала Радзівіла, які з 1796 года паступіў на службу ва ўладанні князя Дамініка Радзівіла, Міхала Тамашавіча і Тэклі Сакалоўскай. Ён быў старэйшым з 4 сыноў у сям’і і меў яшчэ братоў Яўстаха, Рамуальда і Януарыя і сясцёр Зоф’ю, Юлію і Касільду. Міхал Янушкевіч 26 красавіка 1821 года ў Вільні атрымаў дакумент на права валодання маёнткам Дзягільна Менскага павета. У далейшым было аформлена права спадчыннага валодання гэтым маёнткам, і Дзягільна надоўга стала родавым гняздом сям’і Янушкевічаў. Адольф скончыў тры класы Нясвіжскай дамініканскай школы, пасля чаго выхоўваўся ў сям’і бяздзетнага дзядзькі свайго бацькі ў Падольскай губерні. У 1819–1821 гадах ён вучыўся ў Вінніцкай гімназіі, у 1821–1823 гадах – у Віленскім ўніверсітэце, вядомым сваімі студэнцкімі таварыствамі і вальнадумствам. Да студэнцкага перыяду яго жыцця адносяцца яго першыя творы, напрыклад сентыментальная дума «Мелітон і Эвеліна» (1821), надрукаваная ў «Dzienniku Wilenskim». Пасля гучных універсітэцкіх працэсаў філаматаў і філарэтаў, у 1823 годзе Адольф вярнуўся на Падолле і асеў у Камянцы. Тут ён пачаў кар’еру чыноўніка і паступіў на службу засядальнікам Падольскай палаты цывільнага суда, альбо інакш Другога Дэпартамента Галоўнага Падольскага суда. У 1829 годзе ён пакінуў службу і ў сувязі са складаным станам здароўя выехаў за мяжу. Падарожнічаў па Германіі, Паўднёвай Францыі і Італіі, пасля чаго вярнуўся на Радзіму.

Новы этап у яго жыцці пачаўся ў 1830 годзе, калі на землях былой Рэчы Паспалітай выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне. У снежні 1830 годзе Янушкевіч перабіраецца ў Вільню, пасля чаго – у Коўна, адкуль – у сталіцу паўстання Варшаву. Тут ён увайшоў у склад Камітэта Літоўска-Валынскага легіёна, дзе выконваў абавязкі касіра. У сакавіку 1831 года Адольф Янушкевіч атрымаў чын падпаручніка і пасаду ад’ютанта камандзіра коннай часткі гэтага легіёна. У адным з баёў ён атрымаў 7 раненняў і трапіў у палон. На гэтым для яго ўдзел у паўстанні скончыўся. Пасля палону ён быў вывезены ў Вятку, адкуль перавезены ў Кіеў. Рашэннем ваеннага суда першапачаткова быў прысуджаны да смяротнага пакарання, але канфірмацыяй камандуючага Першай арміяй Фабіяна фон Остэн Сакена ад 27 лютага 1832 года яно заменена на ссылку ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці. У паўстанні бралі ўдзел таксама двое яго братоў – Яўстах і Рамуальд, якія пасля паражэння адправіліся ў эміграцыю. Яўстах стаў вядомым выдаўцом і літаратарам, Рамуальд – адным з найбольш гарачых прыхільнікаў такога эміграцыйнага паўмістычнага вучэння як тавянізм. Ніводзін з іх больш не вярнуўся на Бацькаўшчыну і не бачыў Адольфа. У 1832 годзе Янушкевіч быў высланы ў Табольск, з чаго пачаўся яго больш чым 20 гадовы этап жыцця ў ссылцы. З 1833 годзе ён жыў у горадзе Ішыме, дзе набыў дом і стварыў бібліятэку для ссыльных. У 1839–1840 гадах Адольф Янушкевіч пераклаў «Гісторыю заваявання Англіі нарманамі» Агюстэна Цьеры. Са жніўня 1841 года жыў у Омску, адкуль у 1846 годзе адправіўся ў экспедыцыю ў Ала-Тулаў. У 1853 годзе атрымаў дазвол і перасяліўся з Омска ў Ніжні Тагіл Пермскай губерні, дзе служыў бібліятэкарам. Толькі ў 1856 годзе ён атрымаў амністыю, паводле якой змог вярнуцца на Радзіму, але ўжо з моцна падарваным здароўем – цяжка хворы на сухоты. Менш чым праз год – 6 чэрвеня 1857 года – наш зямляк памёр у маёнтку маці. Са ссылкі Янушкевіч пісаў маці лісты, дзе апісваў сваё жыццё і свае ўражанні ад тых мясцовасцяў, дзе знаходзіўся. Ужо ў хуткім часе пасля яго смерці гэтыя лісты разам з яго дзённікавымі нататкамі былі перададзены за мяжу і трапілі да яго брата Яўстаха, які ў той час ужо меў сродкі і багаты вопыт для іх выдання. Сумесна з яшчэ адным эмігрантам – ураджэнцам Троцкага павета Феліксам Уратноўскім – ім было выпушчана ў свет аб’ёмнае выданне пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў». Кніга складаецца з некалькіх частак – падрабязнага жыццяпісу Адольфа Янушкевіча на 240 старонак, уласна яго лістоў і дзённіка падарожжа па Сібіры (больш за 330 старонак). На беларускую мову яны былі перакладзены зусім нядаўна. Да гэтага часу кніга застаецца помнікам сасланым з Беларусі удзельнікам нацыянальна-вызваленчага руху, як гэта і задумвалася яе выдаўцамі.
Беларускае Радыё Рацыя