Палітвязні Леў Цяліпка і Артур Жвірыдоўскі адзначаюць свае дні народзінаў за кратамі
11 і 12 чэрвеня – у такія даты свой Дзень народзінаў святкуюць палітвязні з Берасцейшчыны Леў Цяліпка і Артур Жвірыдоўскі. Кожны з іх пазбаўлены волі па палітычна матываваных крымінальных артыкулах.

Палітвязень Леў Цяліпка адсвяткуе за кратамі свой Дзень нараджэння 11 чэрвеня. Яму прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Удзел у масавых беспарадках. Жыхар Берасця з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы, якая была ўзбуджаная пасля акцый пратэсту ў горадзе 10 жніўня 2020 года. Прысуджана 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Спачатку палітвязня ўтрымлівалі ў СІЗА№7 горада Берасця, а пасля ён быў этапаваны ў папраўчую калонію№15, куды цяпер можна дасылаць лісты ці паштоўкі.
Палітвязень Артур Жвірыдоўскі будзе мець Дзень народзінаў 12 чэрвеня. Ён асуджаны адразу па двух артыкулах. Гэта арт. 370 Крымінальнага кодэкса — Здзек з дзяржаўных сімвалаў і ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Хуліганства. Абвінавачаны ў тым, што нібыта ўначы ў чэрвені 2021 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры паласы ў бел-чырвона-белым спалучэнні. Прысуд — 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ліставаць можна ў папраўчую калонію №2.
Беларускае Радыё Рацыя