Палітвязень Мікалай Казлоў выйшаў з інфармацыйнай блакады



Пра гэта «Народнай Волі» паведамілі паплечнікі палітыка, ад якога амаль два месяцы не было ніякіх вестак з калоніі.

Экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі быў асуджаны на два з паловай гады калоніі за ўдзел у адным маршаў пратэсту ў жніўні 2020 года. Зняволенне ён адбывае ў магілёўскай калоніі № 15. “Калі ад Мікалая амаль два месяцы не прыходзіла ніякай інфармацыі, гэта было трывожна, — распавядаюць паплечнікі палітыка. — Цяпер весткі ад яго прыйшлі. І зыходзячы з іх, можна сказаць так: па мерках таго, дзе ён знаходзіцца, сітуацыя больш-менш нармальная. Трымаецца ён псіхалагічна і маральна добра, усім перадае прывітанні”.

У мінулым месяцы ў Мікалая Казлова памерла маці, але на пахаванне яго не пусцілі. “Больш за тое — навіну пра смерць маці Мікалаю перадалі з вялікім спазненнем, — дадаюць блізкія палітыка. — Страта роднага чалавека стала для яго вельмі моцным ударам”.