Безвіз для беларусаў



Усё часцей чую ад суайчыннікаў пра праблемы з атрыманнем еўрапейскіх віз, маўляў, а вам у Беларусі нічога не пагражае.

Вітаю, тут Севярын Квяткоўскі.

«Нічога не пагражае» для беларуса гучыць як абсурд. Затрыманні ідуць кожны дзень. Прычым, наймітам рэжыму Лукашэнкі не трэба рабіць асаблівых намаганняў, каб знайсці новыя ахвяры. Матэматычна даказана, што большасць беларусаў супраць і самаго Лукашэнкі і той міліцэйска-кэгэбэшнай дзяржавы ў дзяржаве, якая творыць беззаконне.

І вось ты спрабуеш выехаць з Беларусі на тэрыторыю свабоды.

Але з пачаткам працэдуры легалізацыі ў краінах дэмакратыі, з таго боку бачыш служачага, які папросту выконвае ўстаноўкі, атрыманыя ад начальства.

Начальства, адказнае за візы, належыць да міністэрства замежных справаў, на якое ў сваю чаргу ўплывае кіраўніцтва той ці іншай краіны. 

І так бывае: “Вы ж не пацярпелі, таму мы вам не дапаможам”.

Вышэй апісаная праблема вынікае з таго, што па Беларусі няма калектыўнага рашэння.

Парадокс, але факт: і Лукашэнку і краінам Захаду выгадна адседзецца ў кустах па тэме Беларусі.

Лукашэнку важна каб яго не скавырнулі з вяршыні піраміды ўлады, а Захаду не патрэбныя лішнія выдаткі. Маўляў, і Украіны хапае.

Калі беларусам кажуць, што Лукашэнка – гэта выключна нашая праблема, нам кажуць няпраўду.

Свядома залежны ад Расеі аўтарытарны рэжым бульбянога фюрэра будзе рэгіянальнай еўрапейскай праблемай нават тады, калі Расея прайграе, а само расейскае дзяржаўнае ўтварэнне зменшыцца да памераў Маскоўскага княства ўзору 16-га стагоддзя.

Цалкам дапускаю, што пуцінскія агрэсары могуць перабазавацца ў Беларусь, і з нашай тэрыторыі працягваць рабіць шкоду сусвету.

У грузінскім Батумі знаходзяцца тысячы і тысячы вымушаных перасяленцаў з Беларусі, Украіны і Расеі.

Украінцы маюць статус ахвяраў, расейцы злачынцаў, а беларусы ні туды і не сюды.

Пры тым, што чалавек з украінскім пашпартам можа быць шчырым пуціністам, а з расейскім пашпартам – супраць Пуціна, вайны і наагул імперыялізму.

Беларусам троху лягчэй, бо статус не вызначаны: мы суагрэсары ці ахвяры?

Але у нас ёсць наш 2020 год, пра які за межамі Беларусі пачалі забывацца.

Наш 2020-ы прадэманстраваў, што мы супраць таго, хто стаўся суагрэсарам.

Беларусам варта зрабіць аўтаматычны безвіз у краіны дэмакратыі.

Далёка не ўсе асядуць у новых краінах, шмат хто вернецца. 

Інтарэс Захаду вельмі просты – вам патрэбная на ўсходняй мяжы бандыцкае фармаванне ці дэмакратычная краіна?

Пытанне рытарычнае.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя