Свежы нумар часопіса “Дзеяслоў”
Выйшаў з друку свежы нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”. У ім ёсць што пачытаць цікавае і арыгінальнае, новае і захапляльнае.

Адкрываецца “Дзеяслоў” паэтычнымі радкамі Леаніда Дранько–Майсюка “Stabat Mater” – творам, напісаным паводле сярэдневяковай каталіцкай секвенцыі:
У апошнія хвіліны,
Хрысце Божа мой адзіны,
Дай душы з табой пабыць…
Парадуе чытачоў “Дзеяслоў” таксама вершамі Валеры Дубоўскага, Яны Бутовіч, Зміцера Захарэвіча, Ганны Шакель.
Проза ў часопісе багата на апавяданні і аповесці Святланы Воцінавай, Давіда Шульмана, Галіны Самойлы, Дар’і Значонак, Андрэя Кулеша.
Пазнаёмяцца чытачы з апавяданнем “Жарсці з сякераю” украінскага аўтара Васіля Бондара ў перакладзе Анатоля Івашчанкі.
Цікава пра дызайнера Міцю Сурскага распавядае Адам Глобус, а Сяргей Кавалёў рэцэнзуе паэзію Алега Мінкіна 1980-1990-х гадоў.
Пісьменніца Людміла Хейдарава дзеліцца жыццёвымі згадкамі пад агульнай назвай “Залаты корань”, а Генрых Далідовіч працягвае знаёміць чытачоў са штрыхамі грамадзянскай біяграфіі творцы і дзяржаўнага дзеяча ў эпоху савецкай улады і пачатковага постсаветызму. Пра паэму “Новая зямля” Якуба Коласа, як “энцыклапедыю” ў святле фармальнай логікі і дыялектыкі, разважае Анатоль Трафімчык, а Алена Лепішава прыгадвае мастацкую канцэпцыю Аляксея Стрэльнікава.
На пытанні анкеты “Дзеяслова” адказвае Наста Кудасава, якая на адно з пытанняў адказвае і прызнаецца, што сёння ў Беларусі ”не хапае свабоды жыць і працаваць на сваёй зямлі на поўную сілу, не баючыся, не хаваючыся, не прыстасоўваючыся”.
Беларускае Радыё Рацыя