Андрэй Маслаў: 400 дзён за кратамі
400 дзён – роўна столькі за кратамі знаходзіцца палітвязень з Берасцейшчыны Андрэй Маслаў. Асуджаны па такіх крымінальных палітычна матываваных артыкулах як „Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” і „Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы”.

Студэнт першага курсу Андрэй Маслаў быў асуджаны за „падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны”. Паводле следства, ён „хацеў дапамагаць Украіне”. Затрыманы ў траўні мінулага года каля ўкраінскай мяжы. У яго тэлефоне знайшлі перапіску з ботам батальёна Каліноўскага.
У жніўні 2022 года над хлопцам адбыўся суд. Суддзя Сяргей Беразюк вынес прысуд – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Да праваабаронцаў таксама трапілі звесткі, што напрыканцы студзеня бягучага года 19-гадовага палітвязня змясцілі на месяц у памяшканне камернага тыпу. А ў кастрычніку мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь уключыла Андрэя Маслава ў спіс „экстрэмістаў”.
Да таго ж, палітвязню прад’явілі, ужо будучы ў зняволенні, артыкул „Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Вынікі судовага паседжання не агучваліся. Ліставаць да Андрэя Маслава можна ў папраўчую калонію №2.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя