„Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю…”
20 гадоў таму на магіле класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча ў Ялце быў устаноўлены новы помнік. Помнік стварылі беларускія скульптары Сяргей і Леў Гумілеўскія. На ім — задуменны Максім з кніжкай, а побач на падпорнай сценцы радкі з ягонага верша „Зорка Венера”: “Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю…”.

У лютым 1917 года сябры Максіма Багдановіча сабралі грошы, каб ён мог ехаць у Крым лячыцца ад сухотаў. Лячэнне не дапамагло, і ў тым жа годзе ў Ялце Максім Багдановіч памер ва ўзросце 25 гадоў.
Беларускага паэта пахавалі ў Ялце на трэці дзень смерці па праваслаўнаму абраду на Новых гарадскіх могілках (цяпер Старыя гарадскія могілкі). У дзень смерці паэта, яго бацька — Адам Багдановіч — знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Сімферопалі.
У 1924 годзе на яго магіле быў усталяваны помнік з чатырма радкамі з верша паэта “Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі…”. 20-я гады мінулага стагоддзя былі эпохай атэізму, таму стары крыж на ялцінскай магіле быў знішчаны, а на яго месцы з’явіўся помнік з шэра-брунатнага вапняку з чырвонай зоркай, які і стаяў там да 2003 года, калі на магіле паэта быў усталяваны новы помнік, які стаіць і сёння.

Беларускае Радыё Рацыя