Беларускі фотапраект “Паміжжа” у Лодзі як працяг “Месяцу фатаграфіі ў Менску”



Традыцыйны беларускі “Месяц фатаграфіі ў Менску”, заснаваны ў 2014 годзе групай энтузіястаў, сёлета праводзіцца ўжо 10-ы раз, і не на радзіме, а ўжо трэці год запар у польскай Лодзі ў межах буйнога міжнароднага фестываля.

З 15 па 25 чэрвеня ў супрацы з мясцовымі галерэямі па ўсім горадзе арганізавана больш за 30 выставаў, “Паміжжа” размешчана ў атмасферным будынку на 2 паверсе цэнтру OFF Piotrakowska 138/140.

У выставе прадстаўленыя 17 праектаў, большасць з іх адлюстроўвае падзеі апошніх трох гадоў. Беларуская ўласная псіхалагічная траўма падмацоўваецца развязанай расейскай агрэсіяй супраць Украіны, на баку якой ваююць беларускія дабраахвотнікі. Таму дакументальнае і мастацкае тут спалучаны ў адно.

“In limbo: гісторыі беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне” – Паша Крычко

У нядзелю, 18 чэрвеня, прайшла куратарская экскурсія па выставе, вернісаж адбыўся на пару дзён раней. Некаторыя аўтары па вядомых прычынах вымушаныя не называць свае імёны.

Па словах арганізатаркі, паколькі сама падрыхтоўка – вялікая камандавая праца, зараз у беларускага фестываля вельмі абмежаваныя магчымасці, добра, што атрымалася ўвогуле яго зрабіць. Гэтым разам не было open call, было куратарскае рашэнне, новых праектаў даволі мала.

Пад ударам. 2022-2023, Львоў – Яўген Атцецкі

Па меркаванні аднаго з удзельнікаў беларускай фотавыставы Яўгена Атцецкага, аўтары працягваюць рэфлексаваць на тыя падзеі, якія адбыліся і адбываюцца за прайшоўшы перыяд. Гэта такая спроба зразумець, дзе мы зараз знаходзімся – як бы ні тут і не там, не ведаем будучага. Завіслі.

“Вайна – гэта новы выклік, які змяніў усе падзеі ў рэгіёне, зразумела, што людзі на гэта рэагуюць. У нашай гісторыі, мне падаецца, ёсць тры такіх раскурса: 1) тыя, хто засталіся на радзіме, і ім трэба навучыцца жыць у гэтых абставінах, калі рэвалюцыя праіграла, рэпрэсіі працягваюцца і трэба неяк сябе захаваць, адшукаць новую падлогу для стабільнага стану; 2) людзі ў эміграцыі, якія страцілі дом і жывуць з адчуванне страты; 3) людзі, якія вельмі адчуваюць наступствы вайны, напрыклад, праект, дзе бацька ў тэлефоне. У маім праекце, дзе мы самі перажываем гісторыі тых хлопцаў, якія вырашылі, што толькі са зброяй можна супрацьстаяць дыктатуры. І мне падаецца, аўтары, як людзі эмацыйна чуллівыя, рэагуюць на гэтую вельмі хуткую змену, бо ніхто ўявіць не мог год пяць таму, што жыццё так зменіцца.

HIRAETH, серыя фатаграфій, 2022 – Кацярына Кузьмічова

Hiraeth – валійскае слова, якое не мае прамога перакладу. Гэта звязана з тугой па хаце, афарбаванай горам і смуткам па страчаным часе. Гэта сумесь тугі, пажадлівасці, настальгіі, задуменнасці або шчырага жадання вярнуцца ў мінулае.

“Чырвоны лёс” – Маша Святагор

Паводле Машы Святагор, у сваёй працы яна дэканструюе ідэальны жаночы вобраз, змяшчаючы яго ў сучасны палітычны кантэкст – кантэкст ваеннай агрэсіі Расеі яе каланіяльнай палітыкі, няўяўных маштабаў гвалту і жорсткасці. У апісанні праекту яна адзначае: “Ранейшы свет разбураецца, пакідаючы нам руіны ілюзій з падзей і фактаў гісторыі, трывожных перадумоў і перасцярог, якія мы вырашылі не заўважаць, адкласці, не аддавацца паніцы, не перабольшваць небяспеку. Цяпер перад намі толькі недабіткі рэчаіснасці”.

Серыя фатаграфій, 2022, Украіна – Аляксандр Васюковіч

За час вайны ва Ўкраіне былі разбураныя дзясяткі мастоў. Структуры, асноўнай мэтай якіх з’яўляецца злучэнне, сталі выконваць іншую функцыю – падзелу. У адрозненне ад мастоў, якія можна адбудаваць, аднавіць разбураныя сувязі паміж людзьмі цяжка адолець. Масты спаленыя.

“Дом”, серыя фатаграфій, 2022, Гародня – Вера Мірская

“13 дзён, якія вярнулі мяне ў мінулае”, серыя малюнкаў, 2020 – Міхаіл Мішук

Беларускі Клімат”, 1992-2023

Серыя фотаздымкаў была зроблена ў 1992 годзе, але толькі цяпер набыла змест і новую форму – форму балета. Лібрэта страчана, рытмы, рухі і харэаграфія распавядаюць гісторыю, якую кожны вольны інтэрпрэтаваць сам.

Таксама на выставе можна пабачыць фотапраекты Аляксандра Зяньковіча, Андрэя Шкiлёнка, Максіма Шведа, Вiталя Стужкі, Канаплёва+Лейдзік, AL, SL, IH, OB, Веры Мірскай.

Транзітны стан і чаканне зрабілася самім жыццём. Вялікія ідэі і мары сціснуліся да побытавага, няўстойлівага і крохкага зараз. Надзея знікае і рассейваецца ў тумане Паміжжа.

19 чэрвеня – Дзень адчыненых дзвярэй – дармовы ўваход на ўсе выставы ў фестывальных цэнтрах.

Яніна Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя