Палітвязня Паўла Севярынца збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым



Палітзняволенага Паўла Севярынца збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і пісьменнік больш за тры гады ўтрымліваецца ў зняволенні.

Паўла затрымалі 7 чэрвеня 2020 года, абвінавацілі ў „падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках”, і прысудзілі сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Тэрмін ён адбывае ў папраўчай калоніі №17. У красавіку адміністрацыя калоніі прызнала Паўла „злосным парушальнікам рэжыму”. Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў. А потым яго пазбавілі і працяглага спаткання.

Цяпер стала вядома, што 21 чэрвеня ў Шклове адбудзецца суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Меркавана, яго хочуць перавесці на турэмны рэжым.