На волю выйшаў палітвязень Андрэй Сцепаненка
На волю выйшаў палітычны вязень Андрэй Сцепаненка, паведамляюць праваабаронцы. Ён быў за кратамі з лютага 2022-га. Спачатку мужчыну затрымалі за значок з выявай „Пагоні” на заплечніку і адправілі пад адміністрацыйны арышт. Неўзабаве ўзнікла крымінальная справа.

У красавіку мінулага года Сцепаненка быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў калоніі за „абразу Лукашэнкі”. Тэрмін ён адбываў у бабруйскай ПК № 2. Там яго пазбаўлялі перадачы, змяшчалі ў ШІЗА (у тым ліку за некалькі месяцаў да вызвалення).
Праваабаронцы вясной мінулага года прызналі Андрэя Сцепаненку палітвязнем. Сцепаненка — айцішнік. Да моманту затрымання працаваў вядучым інжынерам-праграмістам у Гарадзенскім упраўленні Міністэрства фінансаў. „Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэй, важней за вусатага…”, — пісаў ён у тг-чаце. У гэтым і ўбачылі „абразу”.