Вадзім Шышко: ТБМ і саму мову рэжым Лукашэнкі не знішчыць!
27-га чэрвеня 1989 года ў Менску была створана адна з найстарэйшых няўрадавых арганізацый Беларусі – Таварыства беларускай мовы. Мэтай аб’яднання сталася культурна-асветніцкая дзейнасць у галіне адраджэння беларускай мовы. Вядома, што 8-га лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў ліквідаваць ТБМ. Аднак актывісты спыняцца не збіраюцца.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з сябрам суполкі Таварыства беларускай мовы ў Лодзі Вадзімам Шышко пра тое, якім чынам ТБМ існуе зараз і ці плануецца аднавіць арганізацыю ў Новай Беларусі, у чым асаблівасць існавання суполкі ТБМ у Польшчы. Не абышлося і без віншавання да 34-годдзя заснавання Таварыства беларускай мовы:
– Калі так сказаць, я прадстаўляю ТБМ у цэлым. Гэта ўсё стваралася таму, што ў мяне было вялікае абурэнне. Увогуле я аднавіў ТБМ, забарона ўсіх арганізацый была ў 2021 годзе, ТБМ забаранілі адным з апошніх, гэта была восень 2021 года. Я сачыў уважліва за гэтым, я ў складзе ТБМ быў у Беларусі многа гадоў. Гэта ж не Лукашэнка ствараў, гэта Ніл Гілевіч ствараў яшчэ да Лукашэнкі. Зразумела, што Лукашэнка чалавек беспрынцыпны, яму ўсё роўна сваё-не сваё, ён знішчае ўсё беларускае, проста ўсё беларускае. Таму калі ён знішчыў ТБМ, то першае маё адчуванне – гэта было абурэнне. У Лодзі ўжо ТБМ існаваў, але суполка была такая на аматарскім узроўні. Калі афіцыйна ТБМ у Беларусі знішчылі, тады я зразумеў, што жарты скончыліся, трэба сур’ёзна за справу брацца, ужо не на аматарскім узроўні. Для мяне было такім стымулам, што нас не знішчыш. У 2022 годзе я шчыльна заняўся аднаўленнем ТБМ.
РР: Колькі суполак ТБМ існуе зараз? Што вядома?
– Я дакладна не ведаю, бо я стараюся лішні раз не звязвацца з сябрамі ТБМ у Беларусі. То бок з той самай Аленай Анісім, у нас былі з ёй стасункі, але ТБМ яны не тычыліся. Калі я аднаўляў ТБМ, то нічога не казаў, бо я разумеў, што калі пачну яе прасіць пра кансультацыю ці дапамогу, то паколькі яна знаходзіцца ў Беларусі, калі яе затрымаюць, то ёй змогуць прыпісаць што заўгодна, што яна стварала экстрэмісцкія арганізацыі за мяжой, што заўгодна. Каб такога не было, ёй проста нічога не казаў. На дадзены момант, я ведаю, што яе ўжо затрымлівалі, то бок яна ўжо знаходзіцца ў групе рызыкі, цяпер я з ёй кантактаў не маю. Падобна, што ТБМ у Беларусі лакальна існаваў. У час яго стварэння ствараліся нейкія суполкі, але гэта было падчас развалу Савецкага Саюзу, калі шмат беларусаў жыло на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Пасля развалу беларусы сабраліся да кучы і ў былых савецкіх рэспубліках суполкі ТБМ зніклі. Калі мы аднавілі таварыства тут, то ў Лодзі я ТБМ не прадстаўляю, прадстаўляюць ужо іншыя людзі. Я цяпер канцэнтруюся на тым, каб ствараць суполкі ТБМ у іншых гарадах Польшчы. На дадзены момант ідзе праца ў Варшаве і Беластоку. Чым нас больш, тым лепш. Там, дзе ёсць беларусы, павінна быць беларуская мова.
РР: У Беластоку вы трымаеце кантакт з беларускай дыяспарай?
– У мяне з Беластокам да аднаўлення ТБМ увогуле не было ніякіх знаёмых, у мяне ў Польшчы, пакуль я тут не з’явіўся, проста не было ніякіх знаёмых. На дадзены момант гэта такія ж самыя „экстрэмісты”, якія з’ехалі пасля 2020 года. Яны на месцы падцягваюць старажылаў.
З „Госцем Рацыі” – сябрам суполкі Таварыства беларускай мовы ў Лодзі Вадзімам Шышко, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя