100 гадоў даследчыку беларускай архітэктуры
28 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Чантурыя (1923 – 1988), архітэктара, гісторыка архітэктуры, педагога, аўтара навуковых прац па гісторыі беларускай архітэктуры.

Архітэктурная спадчына Беларусі ўяўляе сабой сапраўдную скарбніцу, даследаваннем і вывучэннем якой займаліся многія вядомыя вучоныя. Да іх адносіцца і Уладзімір Чантурыя – прафесар, доктар архітэктуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Нарадзіўся Уладзімір Чантурыя ў Баку. У 1947 годзе скончыў архітэктурна-будаўнічы факультэт Азербайджанскага індустрыяльнага інстытута і быў накіраваны ў Менск. Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект». У 1948 годзе паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. Далейшае навучанне працягваў у Маскве ў Інстытуце горадабудаўніцтва Акадэміі архітэктуры СССР.
У 1953 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Цэнтры гарадоў Беларусі», якая была прысвечана адной з актуальных праблем – фарміраванню цэнтральных ансамбляў гарадоў. З 1953 года Уладзімір Чантурыя выкладаў у Беларускім палітэхнічным інстытуце і адначасова займаўся вывучэннем архітэктурнай спадчыны Беларусі. У 1965 годзе даследчык беларускай архітэктуры абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Даследаванне архітэктурнай спадчыны Беларусі». У 1968 годзе стаў прафесарам. У 1969 годзе ў БПІ заснаваў кафедру тэорыі і гісторыі архітэктуры, якую ўзначальваў да 1988 года.

У шматгадовай навуковай дзейнасці Уладзіміра Чантурыя вызначаюцца тры асноўныя этапы.
Першы (1954–1964) быў звязаны з выяўленнем, абмерам і апісаннем найбольш вядомых помнікаў дойлідства ў Беларусі. У іх лік увайшлі творы манументальнай архітэктуры і горадабудаўнічыя ансамблі XVI–XVII стагоддзяў у Гомелі, Магілёве, Пінску, Нясвіжы, Свяцку, а таксама аб’екты грамадзянскага і культавага будаўніцтва. У выніку было падрыхтавана больш за 200 унікальных архітэктурных чарцяжоў, замалёвак, складзены навуковыя анатацыі.
На другім этапе (1965–1970) праводзіліся фіксацыя і даследаванне малавядомых ці зусім невядомых вучоным аб’ектаў беларускай архітэктуры. Сярод іх – дом-крэпасць у Гайцюнішках, палацы ў вёсках Германавічы, Опса, Лявонпаль, сядзібныя дамы ў вёсках Поразава і Заполле, храмы ў вёсках Ішкалдзь, Міхалішкі і іншыя творы каменнай і драўлянай архітэктуры XV–ХІХ стагоддзяў.
Трэці этап (1971–1983) звязаны з праблемай захавання горадабудаўнічай спадчыны пры рэканструкцыі населеных месцаў Беларусі. У гэты перыяд было абследавана каля 50 гарадоў Беларусі з найбольш старажытнымі забудовамі. Вызначаны гістарычныя межы іх цэнтраў, выяўлена і навукова абгрунтавана архітэктурная каштоўнасць. Атрыманыя матэрыялы і рэкамендацыі выкарыстоўваліся пры дэталёвай планіроўцы і забудове многіх гарадоў. Комплексныя праекты рэканструкцыі цэнтраў Гародні і Віцебска, выкананыя пры непасрэдным удзеле і кіраўніцтве Уладзіміра Чантурыя, атрымалі высокую ацэнку і былі адзначаны ўзнагародамі.
Вынікі даследаванняў, праведзеныя Уладзімірам Чантурыя, знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх публікацыях. Яго артыкулы друкаваліся ў энцыклапедыях, беларускіх, замежных часопісах і навуковых зборніках. Вучоны з’яўляецца аўтарам спецыяльных і папулярных выданняў па гісторыі беларускай архітэктуры і горадабудаўніцтва. Сярод іх – «Архитектура Белоруссии конца XVIII – начала XIX века» (1962), «История архитектуры Белоруссии (дооктябрьский период)» (1969, 1977; Дзяржаўная прэмія БССР, 1980), «Архитектурные памятники Белоруссии» (1982), «Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии» (1983), «Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии» (1986) і іншых. Кнігі Уладзіміра Чантурыя і сёння знаёмяць чытача з гісторыяй палацавых ансамбляў, храмаў абароннага тыпу, класічнай архітэктурай касцёлаў і цэркваў; даюць магчымасць найбольш поўна вывучыць матэрыяльнае асяроддзе, у якім жылі нашы продкі, іх культуру і мастацтва. У сваіх працах аўтар даследаваў працяглы і складаны працэс развіцця дойлідства на тэрыторыі Беларусі, аналізаваў унікальныя рэліквіі Полацка, Гародні, Віцебска, Менска і іншых гарадоў.
Беларускае Радыё Рацыя