„Дом творцаў” хутка адчыніць свае дзверы ў Беластоку



 “Дом творцаў” ужо працяглы час існуе ў Варшаве. Аднак, хутка такая лакацыя з’явіцца і ў Беластоку. Пра гэта паразмаўляем у нашым эфіры з Сяргеем Доўгушавым – музыкам, адным з самых актыўных культурніцкіх беларускіх дзеячоў у замежжы, у прыватнасці ў Польшчы.

РР: Менавіта ў сталіцы Падляшша будзе створаны “Дом творцаў”, які ўжо працяглы час існуе ў Варшаве. То бок, у першую чаргу рэпрэсаваныя творцы, прадстаўнікі беларускага мастацтва змогуць туды прыязджаць, бавіць час. У чым можа быць адрозненне паміж варшаўскай лакацыяй і беластоцкай?

Сяргей Доўгушаў: У першую чаргу, у нас зараз ідзе дамова наконт будынка. Таму што так было ў нас і з першай арт-рэзідэнцыяй “Дом творцаў” у Варшаве. Мы спачатку зрабілі першую рэзідэнцыю, а потым ужо з’явіўся будынак, дзе рэальна маглі жыць людзі, сталы адрас і месца, дзе адбываюцца рэзідэнцыі і проста рэабілітуюцца розныя творчыя людзі. У Беластоку таксама зараз, я не магу сказаць, што ўжо ў нас ёсць пэўны адрас, але мы зараз ужо дамаўляемся наконт канкрэтнага будынка, які трэба будзе прывесці ў належны стан, дзе будуць і жыць, і рэабілітоўвацца, і працаваць над творчымі праектамі нашыя мастакі, музыкі, тэатралы і так далей. Але я ўжо магу сказаць, што мы абвесцілі прыём заявак і да 30-га ўключна ў нас ідзе прыём заявак на першую рэзідэнцыю. І гэтая першая рэзідэнцыя для мастакоў. І будзе адбывацца з 7-га па 23-га ліпеня. А потым у планах у нас музычная рэзідэнцыя, таксама праз нейкі час будзе абвестка, каго мы шукаем і так далей, якіх музыкаў. І трэцяя будзе – тэатральная. Вось такі ў нас вялікі план на гэты год.

РР: Мастацкая рэзідэнцыя – вы чакаеце на ўдзел жывапісцаў, графікаў і людзей, звязаных з візуальным самавыяўленнем?

Сяргей Доўгушаў: Так, гэта могуць быць таксама і перформеры, таму што мы будзем рабіць дзве выніковыя выставы, можна іх назваць увогуле прэм’еры. Адна з іх будзе на Фестывалі Tutaka, а другую яшчэ выбіраем пляцоўку, магчыма, вулічная будзе імпрэза, на вуліцы Беластока. На Фестывалі Tutaka гэта будзе адзін з асноўных момантаў. Мы будзем рыхтаваць яе на фестываль і гледачы фестывалю змогуць пабачыць гэты ўнікальны творчы прадукт, які будзе стварацца спецыяльна пад гэтае мерапрыемства, спецыяльна пад вулічную акцыю на Фестывалі Tutaka.

Беларускія мастакі запрашаюцца да ўдзелу ў першай Мастацкай рэзідэнцыі. Падрабязнасці і форма заяўкі тут  https://forms.gle/JK5oR47EnrEd23Qj6. Вынікі творчых прац удзельнікаў рэзідэнцыі будуць прадстаўлены на Фестывалі Tutaka 14-15 ліпеня.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя