Будслаўскі фэст збірае тысячы пілігрымаў з усёй Беларусі



З 30 чэрвеня да 1 ліпеня ў касцёле ў Будславе пройдзе традыцыйны фэст, прызнаны UNESCO нематэрыяльнай культурнай спадчынай чалавецтва.

Сёлета ён прысвечаны 25-годдзю каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Па дарогах да святыні ідуць тысячы пілігрымаў з розных куткоў краіны.

Урачыстасці ў Будславе пройдуць пад дэвізам „Марыя — Каралева Беларусі”. У фэсце таксама возьме ўдзел спецыяльны пасланнік Папы Францішка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Будслаўскі фэст — штогадовая ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Менскай вобласці.

Будслаў з’яўляецца галоўным аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі.

Праграма свята ўключае сустрэчу і прывітанне паломнікаў святарамі, Святыя Імшы, якія ідуць адна за адной, начную працэсію са свечкамі, маладзёжнае малітоўнае чуванне, пакланенне найсвяцейшым дарам, гадзіны малітвы Маці Божай, святы Разарый, літанію да Божай Маці і інш.