Віцебскаму кур’еру прызначылі 30 сутак за „пікет” і „экстрэмізм”



Віцебскаму кур’еру прызначылі 30 сутак арышту за „пікет” і „экстрэмізм” у сацыяльных сетках.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна 31 траўня пастанавіла арыштаваць на 15 сутак за правядзенне пікетавання ў сацсетцы „Укантакце” кур’ера Уладзіміра Казлова. Таксама тая ж суддзя 19 чэрвеня за распаўсюд „экстрэмізму” у сацыяльных сетках пакарала Уладзіміра такім жа чынам.

Паводле рапарту супрацоўніка ГУБАЗіК вынікае, што Казлоў на сваёй старонцы размясціў фатаграфіі, якія змяшчалі фота мужчыны на фоне бел-чырвона-белага колеру і з гербам „Пагоня”. З гэтага суддзя зрабіла выснову, што „правапарушальнік” публічна выказаў свае погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Пры вынясенні рашэння, суддзя, у парушэнні адміністрацыйнага закона, не ўлічыла наяўнасць у Казлова змякчальных абставін — наяўнасць у яго малалетняга сына, піша „Віцебская Вясна”.