100 гадоў таму пачаў выдавацца часопіс “Крывіч”
100 гадоў таму, у канцы чэрвеня 1923 года, у Коўне пачаў выдавацца беларускі літаратурна-навуковы і грамадскі часопіс “Крывіч”. Рэдактарамі часопіса былі Вацлаў Ластоўскі і Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Выйшла 12 нумароў, апошні нумар свет пабачыў у сакавіку 1927 года. Выданне было спынена ў сувязі з пераездам Вацлава Ластоўскага ў БССР.

Часопіс ставіў за мэту «ня толькі абслужыць у роднай мове духовыя вымаганьні сярэдняга беларускага інтэлігента, але і прылажыць усіх высілкаў да адшуканьня шляхоў к самавызначэньню Беларусі ў сферы духовасьці» (1923, № 1).
“Крывіч” вызначаўся разнастайнай тэматыкай, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літаратурны (творы беларускага пісьменства, пераклады, пераважна адаптаваныя, з іншых моў), навукова-крытычны (шматлікія даследаванні ў галіне беларусазнаўства) «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў і іх гісторыка-культурную спадчыну), інфармацыйны (бібліяграфічныя агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-палітычнага і нацыянал-культурнага жыцця беларусаў у БССР, Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і ў іншых краінах. Закранаў пытанні гісторыі нацыянальнай культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Францыска Скарыну, Адама Міцкевіча, Фёдара Дастаеўскага і іншых асобаў, звязаных з Беларуссю.
Публікаваў “Крывіч” навуковыя працы па мовазнаўстве Янкі Станкевіча, па кнігазнаўстве Аляксандра Шлюбскага, літаратурна-крытычнае даследаванне Аляксандра Вазнясенскага, пра паэтычную спадчыну Максіма Багдановіча; вершы Максіма Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў замежных аўтараў і г.д. Аўтарам большасці матэрыялаў быў сам Вацлаў Ластоўскі, у іх ліку – аповесць “Лабірынты”, артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айчыную гісторыю, успаміны пра Максіма Багдановіча, уражанні ад Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага праваісу і азбукі ў Менску ў 1926 годзе, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Асвятляў дзейнасць Камітэта паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Пілсудскага ў 1927 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Часопіс таксама змяшчаў рэцэнзіі на беларускія кнігі і часопісы.
Беларускае Радыё Рацыя