Кніга Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» выйшла ў аўдыёверсіі на беларускай мове
Кніга Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» упершыню выйшла ў аўдыёверсіі на беларускай мове. Кніга дасяжная на ютуб-канале ды на сайце kamunikat.org. Далей будзе пашырацца, кажа акторка Крысціна Дробыш, якая сярод іншых працавала над аўдыёвыданнем.

Першая кніга серыі «Галасы Утопіі» — «У вайны не жаночы твар» па-беларуску ў перакладзе Валянціна Акудовіча ўжо выйшла, падрабязнасці расказвае Крысціна Дробыш:
-Выпусцілі нарэшце доўгачаканы праект, з якім мы досыць доўга працуем. Гэта першая з кніг серыі Святланы Алексіевіч “Галасы ўтопіі” – гэта “У вайны не жаночы твар” у перакладзе Валянціна Акудовіча. Мы выпусцілі яе ў аўдыёверсіі на беларускай мове. Калі не памыляюся, гэта першая аўдыёверсія Святланы Алексіевіч на беларускай мове ў найноўшым перакладзе, серыя кніг, у якіх пісьменніца скасавала цэнзурныя праўкі, дадала запісы з уласных дзённікаў.
Каманда працуе над наступнымі кнігамі Нобелеўскай лаўрэаткі, якія таксама выйдуць у аўдыёфармаце. Як кажа Крысціна Дробыш – праца вельмі крапатлівая і патрэбная:
-Мы плануем яшчэ чатыры кнігі з той жа серыі. “Галасы ўтопіі” складаюцца з “У вайны не жаночы твар”, “Апошнія сведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва” і “Час сэканд-хэнд” – экскурс у недалёкую гісторыю Беларусі з пункту гледжання чалавека.
Дзe слухаць? На сайце інтэрнэт-бібліятэкі «Kamunikat» і на буйных стрымінгавых платформах. Абсалютна бясплатна.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя