У Гародні адкрылі трэці пускавы комплекс анкадыспансера



Трэці пускавы комплекс першай чаргі будаўніцтва анкадыспансера адкрылі ў Гародні.

Будаўніцтва Гарадзенскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера пачалося ў жніўні 2019 года і будзе складацца з пяці чэргаў. Першая чарга будаўніцтва – узвядзенне радыёлагічнага корпуса, які накіраваны на забеспячэнне ўсіх магчымасцей прамянёвай дыягностыкі і прамянёвай тэрапіі, — была разбіта на тры пускавых комплекса. Адну з частак радыёлагічнага корпуса афіцыйна здалі ў эксплуатацыю цяпер. Яна дазволіць праводзіць дыстацыйную прамянёвую тэрапію анкалагічным пацыентам, а таксама кабінет рэнтген-кампутарнай тамаграфіі з сістэмай віртуальнай сімуляцыі для планавання прамянёвай тэрапіі.

Усяго будаўніцтвам прадугледжана 12 карпусоў: з іх дзевяць новых і тры на рэканструкцыі. Агульная пускавая гатоўнасць анкадыспансера ў Гародні плануецца ў 2025 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя