Уладзіслаў Бернат: Галоўная праблема – цэнзура



Гурт „Dzieciuki” працягвае сваю актыўную дзейнасць: паслухаць музыкаў можна было на фестывалі „Rock na Bagnie”, які адбыўся на мінулых выходных у Падляшскім горадзе Ганёндз. „Госцем Рацыі” стаў адзін з удзельнікаў „Dzieciuki” Уладзіслаў Бернат. Музыка падзяліўся меркаваннямі наконт цэнзуры, у якой існуюць беларускія выканаўцы, а таксама анансаваў выступленне гурта на фестывалі „Tutaka”.

РР: Распавядзі калі ласка, як ты трапіў у гурт? І колькі ты ўжо там у якасці ўдзельніка?

Я ў гурце ўжо пяць гадоў, з 2018-га. Адбылося гэта насамрэч вельмі цікава, я ўвогуле гэтага не чакаў. Я быў на лецішчы ў сваёй сяброўкі, дапамагаў ёй. І тут у мяне пачыне разрывацца тэлефон. Я гляджу, Алесь Дзянісаў, цікава. Я не ведаў, што яму ад мяне трэба, адразу адказаў, на што пачуў: „Прыязджай, да мяне, ёсць размова”. Першая думка, што можа які „хапун”, альбо штосьці здарылася. Канешне я адразу паехаў як мага хутчэй. Прыехаў, першае пытанне: „Ну што, можа піва?”. Я захваляваўся, можа нешта здарылася. На што мне адказаў: „Ты не такі важны чалавек у маім жыцці, каб я табе тэлефанаваў, калі да мяне прыйдзе міліцыя”. Гэта было смешна, канешне гэта быў жарт, пасля мы селі за сталом, проста паслухаць новы на той час альбом „Радыё Гародня”, які яны яшчэ не выдалі, ён мне паказваў „дэмкі”. Пасля чаго запытаў: „Ну што, нам патрэбны вакаліст. Паша сыходзіць”. Ён мне апісаў усю рызыку, на якую я іду, удзельнічаючы ў гурце. На што я секунды праз паўтары адказаў, што канешне хачу. Ужо наступную нядзелю, праз тры дні, я прыйшоў на рэпетыцыю. І мы пачалі рабіць музыку разам. Мне вельмі спадабалася, хлопцы таксама сказалі, што ім падыходзіць. Вось ужо пяць гадоў з таго часу я спяваю.

РР: Распавядзі, што за фэст „Rock na Bagnie”? Вы былі там адзіным беларускім гуртом.

„Rock na Bagnie” – гэта буйны фестываль на Падляшшы, які адбываецца ўжо трынаццаты год. Ужо трынаццаць разоў на гэтым фестывалі гралі цікавыя гурты. Ён адбываецца пры падтрымцы гміны, пры падтрымцы Беластока. Ён праходзіць тры дні – пятніца, субота, у нядзелю ўжо самы канец. Мы не адзіны беларускі гурт, які там выступаў. У апошні момант туды „заляцелі” экс-„Всё сразу”. Мы там ужо не першы раз. Мы гралі там у 2017 годзе, калі мяне яшчэ не было ў гурце, таму я напэўна не магу казаць мы, а гурт. Вельмі цікава, што тое, што ён інтэрнацыянальны. У гэтым годзе там былі гурты з Англіі, з Літвы, з Беларусі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Трапіць на выступ гурта „Dzieciuki” падчас фестывалю „Tutaka” можна будзе 14 ліпеня. На фэсце таксама зайграюць гурты „Дай дарогу”, „DLINA VOLNY”, „NOCHY” і „BOTANIC PROJECT”.

Беларускае Радыё Рацыя