Рэгіна Лавор: Супрацоўнікі міліцыі – вельмі далёкія ад усяго людзі



Рэгіна Лавор – народная рамесніца, стваральніца і былая дырэктарка Музея нацынальных культур у мястэчку Іўе, што на Гарадзеншчыне, была асуджаная ў 2021 годзе да двух гадоў хатняй хіміі за два каментары ў тэлеграм.

Пасля таго, як у выніку правакацыяў з боку сілавікоў, над ёй навісла рэальнае зняволенне ў калоніі, была вымушаная экстрана пакінуць Беларусі і зараз жыве ў Беластоку. Спадарыня Рэгіна дзеліцца сваімі перажываннямі з 2020 года і з нагоды вымушанага выезду з Радзімы.

– Дзве рэчы, якія былі вельмі памятныя за гэты час: горад наш вельмі маленькі, людзі вельмі неактыўныя. Усю сваю дзейнасць у культуры я памятаю, як хадзілі на мерапрыемствы. Ці то прэм’ера спектакля, ці то выстава, ці то ноч музеяў: мерапрыемствы былі заўсёды цікавыя, важныя, мы рабілі добрую рэкламу. Людзі проста не ішлі. Чым яны былі занятыя, што іх цікавіла – незразумела. І калі адбыліся падзеі 9 жніўня, на плошчу прыйшло 350 чалавек на 8000 насельніцтва. Я была здзіўлена гэтай палітычнай актыўнасцю.

Другое – гэта тое, што супрацоўнікі міліцыі – вельмі далёкія ад усяго людзі. Я не ведаю, чым яны ўвогуле цікавяцца, якое ў іх жыццё, якія ў іх каштоўнасці. Калі той супрацоўнік, які напісаў на мяне апошні рапарт, з-за якога я мусіла пакінуць сваю краіну, то гэта быў проста неадукаваны. Калі ён запытаўся ў мяне, кім я працую, я адказала яму, што рамеснік. Ён мне кажа: «Я Вас спрашиваю, кем Вы работаете?». Я ж і адказваю, што я зарэгістравана рамеснікам. І ў адказ я чую: «на земле что-ли работаете?». Стаіць малады супрацоўнік, я на яго гляджу і здзіўляюся: калі чалавек не ведае, як называюцца людзі, якія штосьці робяць сваімі рукамі, як называюцца людзі, якія працуюць на зямлі. Ён якую адукацыю атрымаў? Ён якое выхаванне мае? Гэта толькі адзін прыклад.

Цалкам гутарку слухайце ніжэй:

Беларускае Радыё Рацыя