Вольга Каралёнак: Наш спектакль – мастацкае пераасэнсаванне падзей, якія адбываюцца



Спектаклі, заснаваныя на беларускіх пратэстных рэаліях, усё часцей можна ўбачыць у розных гарадах і краінах. Прэм’ера тэатральнай пастаноўкі “Krokodyl”, якая адбылася днямі ў Варшаве, – таму чарговы доказ. Твор заснаваны на лістах, аповедах і творчасці палітвязняў.

Сённяшняя „Госця Рацыі” – актрыса спектаклю, прадстаўніца тэатральнай ініцыятывы „Дзея Другая” Вольга Каралёнак. Яна распавяла сваю гісторыю, а таксама як гэта – граць рэальныя гісторыі на сцэне:

-У пятніцу мы адыгралі прэм’еру. Спектакль, які мы назвалі “Кракадзіл” – гэта нашая ўласная творчасць. Метафара на тэму, як мы самі сказалі – творчае, мастацкае пераасэнсаванне тых падзей, якія зараз адбываюцца. У гэтым спектаклі мы разважалі на тэму  ката і ахвяры, тырана і яго народа. Дзе гэтая мяжа, калі чалавек сам ператвараецца ў тырана. Сюжэт будуецца на супрацьдзеянні кракадзіла з аднаго боку, які ў нас і з’яўляецца ўвасабленнем тыраніі, улады і ўседазволенасці. І яго ахвяры, якую выконваюць дзве акторкі адначасна. Нашая гераіня жыве адначасна ў двух светах. Яна ўжо адседзела свой тэрмін і выйшла з турмы, але ментальна працягвае ў ёй знаходзіцца. І вось гэтае падваенне яе і дазваляе кату мець над ёю ўладу. Мы разважаем на тэму гэтай улады над чалавекам, наколькі ён нават тут кіруе намі, наколькі ён мае ўладу і як пазбавіцца ад тырана ў сваёй галаве. Дзе межы паміж ахвярай, тыраніяй і дзе ўласна свабода.

РР: Ці ёсць дакументалістыка ў гэтай пастаноўцы?

Вольга Каралёнак: Так, дакументалістыка там ёсць. У нас нават ёсць прататып нашай галоўнай гераіні – гэта Вольга Класкоўская, яе гісторыя, якой мы ўразіліся, калі збіралі матэрыялы. У спектаклі ёсць дакументальная частка, дзе мы цытуем ліст, напісаны пра яе адным з палітвязняў, якога яна сустрэла падчас свайго падарожжа ў калонію. І яе адказ да гэтага вязня. Так, у нас ёсць трошачку дакументалістыкі, але напэўна на 70% гэта нашае пераасэнсаванне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя